Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Экономика / Сельское хозяйство

Больш за 40 гадоў працуе ў сельскай гаспадарцы Сафія Шахновіч

23.03.2024
«Сакрэт шчасця зусім просты», – так кажа аператар машыннага даення адкрытага акцыянернага таварыства  «Аграфірма «Лучнікі» Сафія Шахновіч. Трэба толькі любіць сваю справу, працаваць на вынiк.

І, сапраўды, калі сустракаеш гэтую ўсмешлівую, адкрытую жанчыну, то, здаецца, і сам зараджаешся станоўчай энергіяй. І гэта пры тым, што амаль кожны дзень яна на работе, хоць ужо тры гады як дасягнула пенсіённага ўзросту.

Гэта ж якім трэба быць аптымістам, улюбёным у прафесію, думаецца міжвольна, калі дазнаешся, што Сафія Пятроўна працуе ў сваёй сферы больш за 40 гадоў. І ўвесь гэты час на ферме ў Сярагах.

Устаўшы ў чатыры гадзіны раніцы, мая гераіня бярэ веласіпед і імчыць на працу. Пасля абедзеннага перапынку – ізноў на ферму і там да дзевяці гадзін вечара. Але такі графік не стамляе жанчыну.

– Да такой працы прывыкла яшчэ ў юнацтве, – расказвае яна. – Сама родам з Паўлаўкі, у 17 гадоў ужо дапамагала маці на ферме ў Бранава. Бацька таксама ў калгасе працаваў, вартаўніком. Таму пасля заканчэння школы аб нечым большым і не марыла. Год павучылася на даярку. Выйшла замуж за мясцовага хлопца і прыйшла працаваць у Сярагі. Тады яшчэ не было тут такога магутнага комплексу, я даглядала 35 рагуль, апроч даення трэба было паехаць атрымаць для іх муку, раздаць кармы, малако ў бідонах насілі ўручную. А зараз вось бачыце, як усё памянялася. Разам з маёй напарніцай Аленай Скрыдлеўскай мы даглядаем 350 галоў жывёлы. Цяпер жа – галоўнае працэс даення па тэхналогіі вытрымаць, каб малако вышэйшым і экстра-класам мець.



За самаадданую працу Сафія Пятроўна неаднаразова была ўдастоена ганаровых грамат і падзяк ад Слуцкага райвыканкама і сельгасарганізацыі, яе партрэт штогод упрыгожвае Дошку гонару ААТ «Аграфірма «Лучнікі». Па выніках работы за 2023 год Сафіі  Пятроўне аб’яўлена Падзяка  старшыні Слуцкага раённага выканаўчага камітэта.

«Цудоўны чалавек, – кажуць пра яе калегі. – Сяброўскі, далікатны». Сафія Пятроўна любіць выпякаць розныя прысмакі, якімі ахвотна частуе іншых і вядома ж – самых дарагіх гасцей. У яе двое дарослых сыноў і дачка, пяцёра ўнукаў, любячы муж. 

– Я – шчаслівы чалавек, – гаворыць суразмоўца. – Атрымалася і на працы, і ў асабістым жыцці. Мару, каб толькі быў мір на зямлі. 

Наталля ГРАМЫКА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения