У Ісернскі вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад – сярэдняя школа завітала чэмпіёнка паралімпійскіх гульняў Ірына Аляксандраўна Фядотава
11.05.2019
У Ісернскі вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад – сярэдняя школа ў дзень здароўя прыехала чэмпіёнка паралімпійскіх гульняў Ірына Аляксандраўна Фядотава.
Кожную суботу мы стараемся зрабіць цікавай і незабыўнай. У красавіку, напрыклад, прайшло агульнашкольнае мерапрыемства, падчас якога вучняў знаёмілі з паралімпійскім спортам.
Прагледзелі тэматычныя відэафільмы, а працягам быў адкрыты дыялог з зямлячкай, Ганаровай жыхаркай Случчыны, трохразовай паралімпійскай чэмпіёнкай па веласпорце Ірынай Аляксандраўнай Фядотавай.
Ірына Аляксандраўна марыла стаць вясковай настаўніцай, але лёс усё перайначыў: праблемы са зрокам. Яна і падумаць не магла тады, што дасягне такіх вышынь у спорце. «Гэта сёння ў нас вялікія магчымасці, а ў мае часы не было нават падручніка са шрыфтам Брайля», – успамінае І.А. Фядотава. Але ёй шчасціла на добрых і чулых людзей. Людміла Гундзіловіч і Аляксандр Панцялееў здолелі навучыць яе жыць інакш: не толькі домам і работай. Жанчына знайшла сябе ў спорце. Са слоў Ірыны Аляксандраўны, пражыць па-іншаму яна не магла б, задаволена тым, што ёсць, не адчувае сябе чужой у сваім горадзе і ў сваім асяроддзі.
Узнагароды чэмпіёнкі мы патрымалі ў руках, пафатаграфавалі іх, паглядзелі фотаздымкі. Яшчэ даведаліся, што такое тандэм у веласпорце і многае іншае, атрымалі адказы на свае пытанні. Хрупкая, прыгожая і адначасова вельмі моцная, поўная аптымізму жанчына Ірына Аляксандраўна. І цяпер яна працуе над сабой: многа ходзіць, плавае, катаецца на каньках, ездзіць на веласіпедзе, пляце з нітак розныя вырабы. Цудоўны прыклад, як не скарыцца абставінам, змагацца і перамагаць.
Сустрэча вельмі спадабалася нам, і кожны, пэўна, задумаўся над сваім жыццём.
Галіна АСТРОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара Ісернскага ВПК па выхаваўчай рабоце.
К списку записей раздела