Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Образование

У гімназіі №2 дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах “Вытокі”

24.03.2023
У абавязкі сучаснага настаўніка ўваходзіць не толькі навучанне дзяцей свайму прадмету, але і іх выхаванне. Праца са школьнікамі ў вольны ад урокаў час — важнейшае звяно ў гэтым працэсе. 

У гімназіі №2  працуе аб’яднанне па інтарэсах “Вытокі”. Заняткі праходзяць у музейным пакоі ўстановы адукацыі, які аднавіў сваю працу з верасня 2021 года. Гімназісты займаюцца апісаннем музейных прадметаў, стварэннем экспазіцый, пошукам прычынна-следчых сувязей паміж фатаграфіямі, лістамі, дакументамі. Такім чынам, маладое пакаленне, такое цікаўнае, актыўнае, адкрытае да новага, далучаецца да вытокаў жыцця беларускага народа, нашай культурнай і гістарычнай памяці.

Экскурсійная дзейнасць – праца творчая, нават акцёрская. Вучню неабходна валодаць матэрыялам, вучыцца даносіць інфармацыю да слухачоў, утрымліваць іх увагу, прадумваць ход экскурсіі. Школьнік павінен быць кампетэнтным у межах тэмы экскурсіі. Таму перад вучнямі адкрываюцца новыя магчымасці для самарэалізацыі. У музейным пакоі праводзяцца экскурсіі, на якія запрашаюцца вучні гімназіі і іх бацькі. Прыемна, што дадзеная работа ўжо мае свае дасягненні: у сакавіку 2023 года вучні 6 “А” класа Гардзейчык Аляксандр і Кунцэвіч Віталій атрымалі дыплом 3 ступені на выніках раённага этапу рэспубліканскага конкурсу юных экскурсаводаў устаноў адукацыі.

Вынікам дзейнасці аб’яднання па інтарэсах стаў гісторыка-этнаграфічны часопіс “Вытокі”. Вучні цікавяцца старажытнай абраднасцю беларускіх свят, народнымі павер’ямі, побытам і традыцыямі продкаў, а таксама тэмай гераізму беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Вучні адбіраюць матэрыял, пішуць уласныя артыкулы, прымаюць удзел у афармленні часопіса. Да гэтай работы далучаюцца і бацькі гімназістаў. Так, Івановіч Наталля Міхайлаўна і Контуш Інга Канстанцінаўна сумесна са сваімі дзецьмі Івановіч Праскоўяй і Контуш Ксеніяй падрыхтавалі артыкулы пра сямейныя экскурсіі па месцах баявой славы.

Самым пранікнёным стаў выпуск, прысвечаны генацыду беларускага народа у час Вялікай Айчыннай вайны. Чытачы змаглі пазнаёміцца з інфармацыяй пра найбуйнейшы лагер смерці на тэрыторыі Беларусі, створаны ў наваколлях Мінска, Малы Трасцянец, лагер смерці “Азарычы”, які быў арганізаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі з мэтай занясення ў савецкія войскі сыпнога тыфу для далейшага распаўсюджвання эпідэміі, донарскі дзіцячы лагер Чырвоны Бераг, праз які прайшло каля 15 тысяч чалавек (у асноўным гэта былі дзяўчынкі ад 8 да 14 гадоў з першай групай крыві і станоўчым рэзус-фактарам), пра спаленыя падчас вайны беларускія вескі, інсталяцыю “Цягнік Перамогі”. 

Удзельнікі гуртка “Вытокі” і аўтары артыкулаў аднайменнага часопіса Шванкоў Ягор, Міхайлоўскі Мікіта, Гарбуноў Ілья, Самусевіч Кацярына, Кунцэвіч Віталій, Астроўскі Аляксей, Міхневіч Бажэна, Біркас Соф’я, Гярэга Ганна, Контуш Ксенія, Гардзейчык Аляксандра, Долбік Сафія, Кулеш Вікторыя, Чупрыніна Ганна добра ўсведамляюць сваю адказнасць перад наступнымі пакаленнямі і неабходнасць працы па інфармаванні равеснікаў аб генацыдзе беларускага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны. “Нізка схіляем
галовы перад подзвігам герояў, якія здабылі Перамогу і выратавалі свет ад карычневай чумы. Наш пачэсны абавязак – захаваць памяць і гістарычную праўду аб Вялікай Айчыннай вайне. Не дапусціць, каб нацызм вярнуўся”, -так лічаць юныя журналісты.
Хочацца спадзявацца, што зерне ведаў, дабрыні, спагады і міласэрнасці, кінутае ў дзіцячыя душы ў Год міру і стваральнай працы, прарасце буйным коласам.

                                                   Алена Райко, 
настаўнік беларускай  
                                                    мовы і літаратуры,  кіраўнік аб’яднання 
                                                    па інтарэсах “Вытокі” .
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения