Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Образование

Святочныя мерапрыемствы да Міжнароднага дня роднай мовы правялі ў Знаменскай сярэдняй школе

21.02.2023
“Ільняная і жытнёвая. Сялянская.
Баравая ў казачнай красе.
Старажытная. Ты самая славянская.
Светлая, як травы ў расе.
Вобразная, вольная, пявучая,
Мова беларуская мая!” – так у свой час выказаўся Пімен Панчанка пра родную мову.

А сёння, у Міжнародны дзень роднай мовы, мы дабавім: наша мова – самая пяшчотная і мілагучная, ласкавая і незабыўная, яскравая і напеўная. І гэта яшчэ не ўсе шчырыя словы, якія выказалі ў адрас беларускай мовы навучэнцы і педагогі дзяржаўнай установы адукацыі “Знаменская сярэдняя школа” 21 лютага 2023 года. 

А пачалося ўсё 24 гады назад, калі Генеральная канферэнцыя ЮНЕСКА абвясціла 21 лютага Міжнародным днём роднай мовы. Асамблея ААН падтрымала ініцыятыву краін-удзельніц і прызвала садзейнічаць захаванню і распаўсюджванню моў народаў свету. 

У гонар знамянальнай даты сёння для школьнікаў прайшлі пазнавальныя мерапрыемствы, творчыя конкурсы і віктарыны. Так, навучэнцы 1-4 класаў прынялі ўдзел у конкурсе малюнкаў і плакатаў “Па сцяжынках беларускіх казак”. Для навучэнцаў 5-11 класаў быў праведзены вусны часопіс “Чароўныя напевы роднай мовы”: вучні прыгадалі гісторыю ўзнікнення і развіцця беларускай мовы, а таксама прымянілі свае веды, каб адказаць на пытанні віктарыны “Знатакі роднай мовы”. А для гастранамічнага фэсту бацькі навучэнцаў прыгатавалі стравы нацыянальнай кухні, якія часта сустракаюцца ў беларускай літаратуры.

У межах школьнага міні-праекта “Музей у чамадане” навучэнцы пазнаёміліся з класікамі літаратуры Случчыны. Слуцкая зямля, як вядома, багатая на творчых людзей, а тым больш, што такія славутыя постаці як Павел Місько, дзіцячы пісьменнік, публіцыст, і Мікалай Жук, пісьменнік, выдатнік народнай асветы БССР, маюць непасрэднае дачыненне да нашай установы адукацыі. Так, Павел Місько закончыў 2 класы нашай школы (на той момант Старцавіцкай сярэдняй школы), доўгі час жыў у вёсцы Знамя, а Мікалай Жук – працаваў тут жа настаўнікам. І кожны з творцаў пакінуў пасля сябе светлыя згадкі, кнігі твораў. А яшчэ – запавет: шанаваць і любіць сваю мову!







Настасся Шостак, 
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
ДУА “Знаменская сярэдняя школа”.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения