Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Образование

Расці разам з дзецьмі

01.05.2021
У жыцці кожнага надыходзіць час выбару свайго шляху, прызначэння. І шчаслівы той, хто не шкадуе аб зробленым выбары. Так лічыць намеснік загадчыка ясляў-сада №19 па асноўнай дзейнасці Вікторыя Пятроўна Гяч.

– Аб тым, што мая прафесія будзе звязана з дзецьмі, я ведала яшчэ ў раннім узросце, – расказвае Вікторыя Пятроўна. – Для мяне не было цікавей занятку, чым гульня з малодшай сястрой у дзіцячы сад і школу: прадстаўляючы сябе настаўнікам, я вучыла яе маляваць і пісаць. Чытала казкі і розныя гісторыі цацкам, паказвала ім спектаклі ўласнага сачынення.

Вікторыя з адзнакай скончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава па спецыяльнасці «Педагогіка, псіхалогія дашкольная. Лагапедыя».

– З боку можа здацца, што працуючы з дзецьмі, я толькі гуляю, гутару, адказваю на пытанні, назіраю, – адзначае Вікторыя Пятроўна. – Быць выхавальнікам дашкольнай установы – гэта значыць праводзіць вялікую работу з дзецьмі. Самае галоўнае ў нашай прафесіі – выхаванне маленькага чалавека як асобы. На мой погляд, прынцыпова не важна, якой методыкі прытрымліваецца выхавальнік. Важна выкарыстоўваць тое, што найбольш эфектыўна працуе і прыносіць свой плён, што падыходзіць для маіх выхаванцаў, што для іх цікава, выклікае жаданне спрабаваць, тварыць.

Вікторыя Пятроўна двойчы станавілася пераможцай раённага і абласнога конкурсаў прафесійнага майстэрства «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь» у намінацыі «Выхавальнік дашкольнай адукацыі» (2013 і  2020 гады).

У 2020 годзе Вікторыя Пятроўна стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь». Пераможца абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства «Майстар Мінскай вобласці-2020». У мінулым годзе прымала ўдзел у Міжнародным фестывалі педагагічнага майстэрства ў горадзе Душанбэ.

Як член рэспубліканскага клуба «Крыштальны журавель» рэгулярна праводзіць майстар-класы і выступае са стэндавымі дакладамі па актуальных праблемах дашкольнай адукацыі на канферэнцыях.

– Кожнае дзіця ўнікальнае. У ім жыве і таленавіты мастак, і дапытлівы назіральнік, і нястомны эксперыментатар, –  адзначае Вікторыя Пятроўна. – Ён адкрыты для прыгажосці, пошуку. Вучыцца разам з дзецьмі, расці з імі – вось мой дэвіз па жыцці.

У вольны час Вікторыя Пятроўна захапляецца літаратурай, любіць падарожнічаць, займаецца валанцёрствам.

Ірына МАЛЯЎКА.


К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения