Новости Слуцка и Слуцкого района

Прафесіяй выратавальніка «загарэўся» яшчэ ў школе – як праходзяць будні выратавальнікаў

25.07.2020
  •  25 ліпеня – Дзень пажарнай службы


Мужныя і адважныя – так гавораць пра работнікаў пажарнай аховы. Самі ж яны адзначаюць: проста робім сваю справу. Пра будні агняборцаў, задачы пажарнай службы і пра тое, як даецца перамога над стыхіяй, расказаў намеснік начальніка аддзела па аператыўна-тактычнай рабоце Слуцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Генадзьевіч Бярнадскі.

Дзмітрый Генадзьевіч служыць у органах па надзвычайных сітуацыях 17 гадоў, апошнія 8 – у Слуцкім РАНС. Прафесіяй выратавальніка «загарэўся» яшчэ ў старэйшых класах школы.

Да паступлення рыхтаваўся сур’ёзна, у тым ліку вялікую ўвагу надаваў фізічнай падрыхтоўцы, без якой ратавальніку ніяк не абысціся. Праўда, усё ж з першага разу не атрымалася паступіць. Але мару не кінуў і пайшоў у акадэмію МНС на завочнае, – распавядае Дзмітрый Генадзьевіч. – Несці службу пачынаў з радавога пажарнага. У ратавальнікі пайшоў і мой родны брат, цяпер ён служыць у Мінску.

На жаль, больш за ўсё ў памяці застаюцца выезды з гібеллю людзей, расказвае выратавальнік. 

Ты бачыш, што агонь робіць з чалавекам, адчуваеш гэтыя гора, боль, пакуты. Вядома, калі займаешся ліквідацыяй, проста няма часу на эмоцыі, на першым плане павінна быць выкананне задачы, – дзеліцца думкамі Дзмітрый Генадзьевіч. – Выязджаем мы на розныя выпадкі: і ДТЗ, і пажары. У душы, паверце, свой адбітак пакідае кожная трагедыя... Штосьці помніцца гадамі. Калі я быў начальнікам варты, паступіў выклік на ДТЗ. Машына ўпала ў ваду і перакулілася, у ёй знаходзіліся двое падлеткаў і дарослы. Адзін з хлапчукоў і дарослы выбраліся самі, другога падлетка дэблакавалі мы пад вадой, праводзілі рэанімацыйныя мерапрыемствы. Але, на жаль, выратаваць яго не ўдалося. Да гэтага часу памятаю твар  хлопчыка, хоць мінула гадоў 12 ужо…

На пажары работа ратавальнікаў зладжаная, усе дзеянні скаардынаваныя, вывераныя, усе адзін аднаго разумеюць, адбываецца хуткая ліквідацыя пажару, выратаванне чалавека – гэта заўсёды вельмі радуе.

Па вяртанні з такога выкліку, я вас запэўніваю, усе ў машыне ўсміхаюцца, – распавядае Дзмітрый Генадзьевіч.

Асоба адзначае эфектыўную дзейнасць работнікаў групы інфармавання насельніцтва, дзякуючы ў тым ліку і іх працы паказчык пажараў па Слуцкім раёне ніжэй абласнога амаль у два разы. Так, у Слуцкім раёне за першае паўгоддзе 2020 года здарыўся 31 пажар (у першым паўгоддзі 2019 года – 34), загінула 3 (3) чалавекі. На грамадскіх аб’ектах 8 пажараў (2). На пажарах выратавана 8 чалавек, папярэджана знішчэнне агнём 32 будынкаў, 1 адзінкі тэхнікі. 27% пажараў ад агульнай колькасці адбылося з прычыны неасцярожнага абыходжання з агнём, па 21% – парушэнне правілаў мантажу і эксплуатацыі электрасетак і абсталявання і парушэнне правілаў эксплуатацыі печаў, цеплагенерыруючых прылад, 6% – падпалы. 7 вінаватых асоб знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.

  • За 6 месяцаў 2020 года падраздзяленні аддзела ажыццявілі 364 выезды (з іх на пажары і ўзгаранні – 226). На пажары на аб’ектах, збудаваннях у горадзе і сельскай мясцовасці ў бягучым годзе быў 31 выезд, на тушэнне смецця і іншых загаранняў – 163 выезды. У 2020 годзе матэрыяльна-тэхнічная база часці папоўнілася новай сучаснай аўталесвіцай, уладкавана іміджавая гульнявая дзіцячая пляцоўка ў двары шматкватэрнага дома па вуліцы Барысаўца. На сценах на першым паверсе раённай дзіцячай паліклінікі размешчаны малюнкі проціпажарнай тэматыкі.

На пытанне аб колькасці выратаваных ім чалавек Д.Г. Бярнадскі адказаў, што такую статыстыку не вядзе.

– Гэта проста наша работа. Урач жа не лічыць, колькі чалавек ён вылечыў. Так і мы, – адзначае мой суразмоўца.

Дзмітрый Генадзьевіч звяртае ўвагу, случчан на тое, што ратавальнікаў варта выклікаць толькі ў надзвычайных сітуацыях. Згадзіцеся, кацяня іншы раз можна і самім з дрэва зняць.

Мы, вядома, на такое выязджаем, – гаворыць ён, – і гэта не зусім правільна. У выпадку сур’ёзнага ўзгарання ратавальнікі будуць на яго ехаць на 2 хвіліны больш, а паверце, калі вы знаходзіцеся ў доме, запоўненым дымам і агнём, гэтыя дзве хвіліны – велізарны прамежак часу, ад якога залежыць жыццё… Таму тэлефануйце толькі ў экстраных сітуацыях, калі без нашай дапамогі ніяк не абысціся.

Ірына МАЛЯЎКА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения