Новости Слуцка и Слуцкого района

Паліць траву небяспечна!

17.05.2018
Вясна – гарачая пара для садаводаў і агароднікаў. Домаўладальнікі актыўна прыбіраюць свае ўчасткі, некаторыя распальваюць вогнішчы амаль каля дамоў. І тут пачынаецца галаўны боль для ратавальнікаў: з-за спальвання сухой расліннасці гараць жылыя дамы, прыбудовы.

З мэтай папярэджання пажараў і гібелі людзей ад іх у рамках рэспубліканскай прафілактычнай акцыі «За бяспеку разам» у адзін з вясновых дзён разам са старшым інспектарам групы прапаганды і навучання Слуцкага РАНС Дзмітрыем Шчарбачэнем у рэйд па раёне адправілася карэспандэнт «Слуцкага краю». 

– Статыстыка сведчыць аб тым, што найбольш частая прычына гібелі людзей ад пажараў у жыллёвым фондзе – няведанне або невыкананне правілаў  бяспекі, так званы чалавечы фактар – неасцярожнасць, няўважлівасць, нядбайнасць, – адзначае Дзмітрый Шчарбачэня. 

Пад’язджаючы да вёскі Квасынічы, заўважаем густы чорны дым: на зямельным участку аднаго з домаўладанняў гарыць садовае смецце. Вогнішча ніхто не кантралюе, побач знаходзіцца драўляная пабудова... Ледзь мацней вецер – і быць бядзе.

– У нас няма мэты штрафаваць людзей, – гаворыць Дзмітрый Шчарбачэня. – Такія прафілактычныя рэйды ў пажаранебяспечны перыяд – гэта нагода яшчэ раз нагадаць правілы бяспекі. Людзі кідаюць недакураныя цыгарэты на абочыне, у лесе, на полі, а потым гараць лугі, лес. А спальванне травы і смецця на ўласных участках прыводзіць да таго, што гараць хаты. Нядаўна ў Барысаўскім раёне ахвярай неасцярожнага абыходжання з агнем стаў мужчына: у полі каля вёскі Драздзіно быў знойдзены абгарэлы труп. Асноўная версія пажару – выпальванне сухой расліннасці.

У Цалевічах заўважаем дым пасярод поля.

– Раней тут стог стаяў, трохі саломы засталося, вырашылі спаліць, – тлумачыць мужчына, які кантралюе працэс. Вакол агню разараная зямля, стаіць бочка з вадой, у руках у мужчыны рыдлёўка. Ніякіх парушэнняў няма.

Варта адзначыць, што падчас рэйду нам не давялося ўбачыць выгаралых абочын, і людзей, якія спальваюць смецце, больш не выявілі. Значыць, прафілактычныя акцыі маюць вынік.

Паважаныя случчане, Слуцкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях нагадвае: разводзіць вогнішча можна толькі ў зацішнае надвор’е, на адлегласці як мінімум 10 метраў ад дамоў і будынкаў, 20 метраў ад лесу і 30 метраў ад саломы і сена. І абавязкова неабходна сачыць за агнем, у выпадку небяспекі заліць яго вадой або засыпаць зямлёй. Калі ж самастойна справіцца не атрымліваецца – выклікаць ратавальнікаў.

За парушэнне супрацьпажарных патрабаванняў пры развядзенні вогнішча прадугледжана адміністрацыйная адказнасць – штраф у памеры да 12 базавых велічынь, за выпальванне сухой расліннасці, іржышча – да 40 базавых велічынь.

Ірына МАЛЯЎКА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения