Новости Слуцка и Слуцкого района

Людзі з моцным характарам

18.01.2019
Гэтыя людзі заўсёды напагатове. Ім даводзіцца працаваць у самых жорсткіх умовах і спраўляцца з самымі непрадказальнымі сітуацыямі:  яны адважна ратуюць людзей з агню, з разбітых аўтамабіляў,  у надзвычайных сітуацыях дзейнічаюць рашуча, смела, часта рызыкуючы ўласнымі жыццямі і здароўем.

Напярэдадні свайго прафесійнага свята супрацоўнікі Слуцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях распавялі карэспандэнту «Слуцкага краю» пра сваю нялёгкую працу.

Старшы сяржант унутранай службы Слуцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях пажарны Сяргей Дзмітрыевіч Кунец (на здымку) працуе ратавальнікам ужо 5 гадоў. У Слуцкі РАНС прыйшоў адразу пасля службы ў арміі.

– Мне проста падабаецца ратаваць людзей, – гаворыць аб выбары прафесіі Сяргей Дзмітрыевіч.

Праца ратавальніка не з лёгкіх, кандыдаты праходзяць жорсткі адбор. Вогнеборац не павінен баяцца вышыні, павінен быць вельмі добра фізічна падрыхтаваным, бо толькі адно абмундзіраванне важыць больш за 25 кг. Ну  а пра кемлівасць, упэўненасць і гаварыць не даводзіцца: любая надзвычайная сітуацыя проста непрадказальная. Адчуць небяспеку і зрэагаваць на яе трэба ў долі секунды, бо ад гэтага залежыць не толькі жыццё іншых людзей, але і ўласнае.

У нашу прафесію могуць прыйсці па волі выпадку, але застацца ў ёй чалавек можа толькі па прызванні, – лічыць С.Д. Кунец. – Наша работа для людзей з моцным характарам.

Ратавальнікі, на думку Сяргея Дзмітрыевіча, не маюць права памыляцца. Пажарныя на дзяжурстве заўсёды знаходзяцца ў рэжыме чакання баявой трывогі, а значыць – у стане высокага эмацыянальнага напружання.

Адметная рыса калектыву ратавальнікаў-пажарных – гэта выключная згуртаванасць. Усё робіцца сумесна, і кожны ў камандзе выконвае пэўную функцыю.
 – Мы ж працуем плячом да пляча. У надзвычайнай сітуацыі ніхто не застрахаваны. Не дай бог нешта здарыцца, мае калегі прыйдуць на дапамогу.

Упершыню на пажары Сяргею Дзмітрыевічу давялося ратаваць адразу чацвярых людзей, трох жанчын і мужчыну.

– Ступіць у агонь было зусім не страшна, – дзеліцца вогнеборац, – у такія хвіліны думаеш толькі пра людзей, якім  патрэбна твая дапамога.

Бяду лепш папярэдзіць

Так лічыць галоўны спецыяліст сектара арганізацыі функцыянавання дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый Слуцкага РАНС падпалкоўнік Сяргей Анатольевіч Тычына (на здымку).


– У Слуцкім РАНС я працую з 2003 года, – расказвае Сяргей Анатольевіч. – Прафесію выратавальніка абраў свядома. Хацелася стаць падобным на бацьку, які прысвяціў усё сваё жыццё службе ў МНС. Я гэтак жа, як і ён, марыў дапамагаць людзям.

Анатолій Сцяпанавіч Тычына, палкоўнік унутранай службы, на заслужаны адпачынак пайшоў з пасады першага намесніка Мінскага абласнога ўпраўлення МНС. У Слуцкім РАНС працаваў да 2003 года, затым быў пераведзены ў Салігорск, пазней у Мінск.

Акрамя бацькі ў структуры МНС працуе стрыечны брат Сяргея Анатольевіча, ён галоўны спецыяліст Мінскага абласнога ўпраўлення аддзялення падрыхтоўкі насельніцтва да НС. Яшчэ адзін брат быў першым намеснікам начальніка Салігорскага РАНС.

– Так што пытанне кім быць у мяне ніколі не ўзнікала. Вядома ж, працягваць сямейную дынастыю.

Пачынаў свой шлях у прафесіі выратавальніка С.А. Тычына звычайным пажарным. Ён добра памятае свой першы баявы выезд. І хоць гэта быў радавы пажар з невялікім загараннем, ён прызнаўся: як і ва ўсіх у пачатку службы адрэналін у яго, вядома, зашкальваў. Заставалася гэта пачуццё ўвесь той час, пакуль ён працаваў у змене.

На думку Сяргея Анатольевіча, галоўныя якасці пажарнага – гэта смеласць, уменне своечасова і правільна прымаць рашэнні, не панікаваць.

Самае складанае – не паказваць свой страх і хваляванне іншым. Стойкасць і вытрымку выратавальніку трэба захоўваць у любой, нават самай экстрэмальнай сітуацыі.

– Мы таксама перажываем чужую бяду, – адзначае С.А. Тычына, – даводзіцца ўсякае бачыць. Часам вельмі складана захаваць самавалоданне. Але ратавальнікі робяць сваю справу нягледзячы ні на што.

Цяпер асноўныя кірункі маёй работы – папярэджанне надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару, мерапрыемствы грамадзянскай абароны, правядзенне пэўных падрыхтоўчых мерапрыемстваў. Перыядычна выязджаем на аб’екты, праводзім вучэнні, трэніроўкі на аб’ектах як для ратавальнікаў-пажарных, так і для работнікаў прадпрыемстваў.  Правільна дзейнічаць у выпадку надзвычайнай сітуацыі павінны ўмець не толькі супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях.

Калектыў у нас добры, можна сказаць, сям’я. Усе адзін аднаго разумеюць, дапамагаюць, усё з гумарам.

Наша прафесія важная і патрэбная. Ратавальнікі заўсёды прыйдуць на дапамогу, будзьце ўпэўнены.


Герой нашага часу

8 студзеня ў вёсцы Малая Падзер здарыўся пажар. У жылым доме ў агні аказаўся 66-гадовы гаспадар. Усё магло б скончыцца трагічна…

Вадзіцель Слуцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Валерый Пятровіч Барцэвіч (на здымку) разам з супрацоўніцай  цэнтра быў у вёсцы па рабоце. Калі яны вярталіся ў горад, убачылі палаючы дом.


– Я не мог праехаць міма, – расказвае Валерый Пятровіч. – Каля дома стаялі чалавек пяць. Ад іх даведаўся, што ў доме могуць знаходзіцца людзі. Каля дома бегаў юнак, спрабаваў дапамагчы. Я вырашыў увайсці ў дом з задняга боку праз веранду. Дзверы былі адчыненыя. Паўсюль быў густы дым, ступіў два крокі, наткнуўся на чалавека і выцягнуў яго на паветра. Мужчына быў непрытомны.

Літаральна праз дзве хвіліны прыехаў пажарны разлік, мы праінфармавалі аб выратаваным чалавеку. Услед прыбыла брыгада хуткай дапамогі і забрала мужчыну ў бальніцу.

У той момант, прызнацца, я не думаў аб тым, што магу пацярпець сам. У галаве была адна мэта – выратаваць.


На варце супрацьпажарнай бяспекі

Работа пажарных – гэта пастаянная рызыка. Заступаючы на дзяжурства, яны не ведаюць, што для іх падрыхтаваў лёс, аднак па сігнале трывогі заўсёды гатовыя імгненна выехаць на выклік.



Чым жыве калектыў Слуцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сёння, расказаў начальнік аддзела Дзмітрый Леанідавіч Ліхадзіеўскі (на верхнім здымку).

– Наша галоўная задача – бяспека грамадзян, жыцця кожнага, – адзначыў Дзмітрый Леанідавіч, – таму супрацоўнікі аддзела надаюць вялікую ўвагу прафілактычным мерапрыемствам, інфармацыйнай рабоце, удасканаленню ўласных ведаў і навыкаў.

Па магчымасці мадэрнізуем парк выратавальнай тэхнікі і абсталявання. У 2018 годзе набылі спецыяльнае абмундзіраванне для работ па ліквідацыі гнёздаў жаланосных насякомых, у якасці спонсарскай дапамогі – сродкі для выратавання на водах (выратавальныя камізэлькі, круг, лін).  Гаспадарчым спосабам выкананы работы па рамонце памяшканняў цэнтра аператыўнага кіравання пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 г. Слуцка. Праведзены работы па добраўпарадкаванні тэрыторый падраздзяленняў.

Забяспечанасць спецыяльнай тэхнікай, абсталяваннем і інструментам –важнейшая ўмова эфектыўнай працы пажарных-ратавальнікаў. У любую хвіліну да ліквідацыі пажараў і іншых надзвычайных сітуацый у раёне гатовыя 9 пажарных аўтацыстэрн, аўталесвіца, аўтамабіль хуткага рэагавання, пажарная помпавая станцыя, прычапная помпавая ўстаноўка, 9 мотапомп, 5 генератараў, рознае аварыйна-выратавальнае абсталяванне.

Інспекцыяй прафілактыкі пажарнага нагляду праводзяцца планавыя і пазапланавыя праверкі прадпрыемстваў раёна, новабудоўляў, аб’ектаў з масавым знаходжаннем людзей. Работнікі аддзела вядуць прафілактычную работу, выступаюць на сельскіх сходах, у працоўных калектывах, ва ўстановах адукацыі.

Бяспека – наша агульная справа, яна залежыць не толькі ад работнікаў Слуцкага РАНС. У жылым сектары інспектары рэгулярна праводзяць падваровыя абходы. Правяраюць стан пячнога ацяплення, электраабсталявання, выяўляюць факты эксплуатацыі няспраўных або самаробных электранагравальных прыбораў. У большасці выпадкаў пажары адбываліся з-за неасцярожнага абыходжання з агнём і ў выніку парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі пячнога ацяплення.

– Шчырыя словы падзякі – ветэранам пажарнай справы Случчыны, якія стаялі ля вытокаў фарміравання службы, – адзначыў Д.Л. Ліхадзіеўскі,  – дзякуючы ім сёння ў нас выпрацавана дзейсная сістэма работы, перш за ўсё па папярэджанні пажараў і гібелі людзей ад іх. Гэта А.С. Тычына, І.І. Тычына, С.П. Курыльчык, В.П. Ткачук,  В.К. Барысевіч, С.І. Запал.

Напярэдадні прафесійнага свята выказваю падзяку ўсім супрацоўнікам і ветэранам Слуцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях за жыццёва важную працу, за самаадданасць і вернасць абавязку. Жадаю моцнага здароўя, цвёрдасці духу, невычэрпнай энергіі,  паменш трывожных званкоў і надзвычайных сітуацый і больш спакойных дзяжурстваў!


Трэцяя дзяжурная змена пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Слуцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях: пажарны С.Д. Кунец, вадзі-цель С.В. Серадзінскі, камандзір аддзялення А.А. Нячай, пажарны Я.В. Міхневіч, старшы пажарны А.М. Максіменя, камандзір аддзялення Я.М. Касцюкевіч, стажор (навучэнец Салігорскага дзяржаўнага горна-хімічнага каледжа) В.У. Шуцік.
Ірына МАЛЯЎКА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения