Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Экономика

Працуе «салодкі» канвеер…

19.09.2019
Наталля Міхайлаўна Акімава.

З верасня пачаўся новы перапрацоўчы сезон на Слуцкім цукроварафінадным камбінаце. Паток грузавых машын з цукровымі буракамі ўраджаю гэтага года цяпер штодня скіраваны да прадпрыемства.


На вагавай камбіната сустрэлася з кантралёрам-прыёмшчыцай Наталляй Міхайлаўнай Акімавай, якая не першы год працуе на прыёмцы сыравіны. «Пакуль ураджай радуе, лепшы, чым летась, бурачкі выдатныя, адзін у адзін, – усміхаецца Наталля Міхайлаўна. – Разлічваем, што так будзе і надалей. Галоўнае,  каб не падвяло надвор’е».

Кіпіць работа на кагатных пляцоўках ААТ «Слуцкі цукроварафінадны камбінат», дзе штодня вырастаюць новыя бурачныя горкі. Як паведамілі на прадпрыемстве, салодкай сыравіны нарыхтавалі ўжо больш за 200 тысяч тон, перапрацавалі – звыш 180 тысяч тон. З сыравіны новага ўраджаю выраблена больш за 15 тысяч тон цукру, звыш 7 тысяч тон цукру ў кансістэнцыі бурачнага сіропу «заклалі» на захоўванне ў спецыяльна прызначаную для гэтага ёмістасць.

Як ужо паведамляў «Слуцкі край», усяго ў гэтым сезоне слуцкія цукравары плануюць перапрацаваць 1 мільён 400 тысяч тон цукровых буракоў. Сыравіна паступае з сельгаспрадпрыемстваў, фермерскіх гаспадарак Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай абласцей, вядома, і са Случчыны. Сярэдняя ўраджайнасць салодкай культуры – больш за 450 цэнтнераў з гектара, цукрыстасць – каля 17%. Як і ў папярэднія гады, прадпрыемства падтрымлівае сельгасвытворцаў, у тым ліку праводзіць даплату за буракі падчас ранняй уборкі – надбаўка 20%  да цаны да 10 верасня, 15% – да 20 верасня.


Руслан Рыгоравіч Лемеш.

– У ліку асноўных задач цукровых заводаў, канечне, і ў нашай краіне  – скарачэнне тэрмінаў перапрацоўкі сыравіны. Чым даўжэй яна захоўваецца, тым болей паніжаецца цукрыстасць, павялічваецца адход сапсаванай сыравіны, – расказвае галоўны інжынер адкрытага акцыянернага таварыства «Слуцкі цукроварафінадны камбінат» Руслан Рыгоравіч Лемеш. – Рашэнне знаходзім  у нарошчванні магутнасцей вытворчасці. У гэтым перапрацоўчым сезоне наш камбінат стабільна перапрацоўвае за суткі каля 12 тысяч тон цукровых буракоў. Такі паказчык на прадпрыемстве дасягнуты ўпершыню. Гэта забяспечваецца штогадовай мадэрнізацыяй вытворчасці.

На думку Руслана Рыгоравіча, менавіта планамерная мадэрнізацыя, накіраваная на паніжэнне сабекошту прадукцыі, ва ўмовах сучаснай жорсткай цэнавай канкурэнцыі дапамагае камбінату годна сапернічаць з расійскімі, еўрапейскімі вытворцамі цукру.

Шмат зроблена ў гэтым напрамку і сёлета. Напрыклад, у бліжэйшы час на прадпрыемстве ўвядуць у эксплуатацыю новую – трэцюю – ёмістасць для захоўвання бурачнага сіропу. Кожная з «трайнят» разлічана на захоўванне каля 42 тысяч тон бурачнага сіропу. Галоўны інжынер камбіната патлумачыў, што выкарыстанне ёмістасцей стварае шэраг пераваг: ёсць магчымасць павялічыць тэмп перапрацоўкі буракоў,  скарачаюцца страты сыравіны, забяспечваецца больш высокі выхад цукру, не трэба траціць сродкі на арэнду чужых складскіх памяшканняў, транспарціроўку цукру да іх, на пагрузачна-разгрузачныя работы, а яшчэ – занятасць людзей: бурачны сіроп будуць перапрацоўваць у красавіку – маі наступнага года.



Нагадаю, што Слуцкі цукроварафінадны камбінат на працягу шэрагу гадоў ужо працуе толькі на бурачнай сыравіне, цукар-сырэц не перапрацоўваюць, а гэта значыць, што і перыяд актыўнай работы камбіната некалькі зменшыўся. Дарэчы, на час перапрацоўкі бурачнай сыравіны на прадпрыемстве дадаткова працаўладкаваны больш за 80 чалавек, усяго цяпер працуюць 745 работнікаў.


Як падкрэсліў Руслан Рыгоравіч, праведзеная мадэрнізацыя забяспечвае адчувальны вынік. Відавочны эфект прынесла пераключэнне цеплавого сілкавання прадуктовага аддзела камбіната на шосты (замест пятага) сокавы пар выпарнай устаноўкі, што вызначыла зніжэнне расходу цеплавой энергіі на тэхнічныя патрэбы гэтага вытворчага падраздзялення як мінімум на 10%. Цалкам па прадпрыемстве ў параўнанні з мінулым годам скарацілі спажыванне прыроднага газу: летась за суткі яго выкарыстоўвалі 230 тыс. м3, у гэтым перапрацоўчым сезоне – 205 – 207 тыс. м3. У ліку праведзеных мадэрнізацыйных мерапрыемстваў гэтага года, накіраваных на ўдасканаленне тэхналагічнага, тэхнічных працэсаў, устанавілі новы вібраканвеер для белага цукру, павялічылі бункер для сыравіны перад буракарэзкамі, набылі 4 спецыяльныя буракапагрузчыкі, буракамыйнае аддзяленне абсталявалі дадатковай «бацвіннепасткай».


Камбінат, як заўсёды, годна падрыхтавалі да перапрацоўчага сезона. Нагадаю, што ўсе галоўныя вытворчыя і тэхналагічныя працэсы на прадпрыемстве аўтаматызаваныя, аўтаматыка дазваляе своечасова выявіць і ліквідаваць дробныя непаладкі. Цікава: падчас вытворчага працэсу на камбінаце ў аўтаматычным рэжыме назіраюць 60 тысяч тэхнічных і тэхналагічных параметраў.

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.







К списку записей раздела