Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Экономика

“Масла слуцкае зроблена з душой”

06.06.2020
 Летам споўніцца 20 гадоў як Людміла Мікалаеўна Мігун працуе ў ААТ “Слуцкі сыраробны камбінат”. Увесь гэты перыяд яна занята на вытворчасці  карыснага і запатрабаванага прадукту – сметанковага масла.
Ужо пяць гадоў  Людміла Мікалаеўна працуе майстрам-масларобам масларобнага і прыёмна-апаратнага цэха,   да гэтага была  апаратчыкам пастэрызацыі малака. Расказвае, прынцып вырабу масла на заводзе не адрозніваецца ад старажытнага ўзбіцця смятанак у сялянскай маслабойцы, толькі робіцца ўсё гэта ў сучасным  закрытым маславырабляльным апараце ў аўтаматычным рэжыме, па інавацыйных тэхналогіях. Працэс складаны, які пачынаецца з адбору і пастэрызацыі малака. 
Людміла Мікалаеўна расказала, што на лініі вырабляюць 6 відаў масла рознай тлустасці і вагі: 160, 180, 200 грамаў, масла вагавае – па 5 і 20 кілаграмаў. У сярэднім за суткі на лініі выпускаюць каля 20 тон масла.
Мая суразмоўца пераканана,  што слуцкае масла самае лепшае, бо смачнае, натуральнае, а яшчэ таму, што робяць яго з душой, з любоўю. Яно карыстаецца попытам на айчынным і замежных рынках.
Пра сваю работу Людміла Мікалаеўна расказвае з задавальненнем, гаворыць, справа падабаецца, добры калектыў, умовы работы, аплаты. І ў цяперашні не надта спрыяльны па эпідсітуацыі перыяд прадпрыемства працуе стабільна. Забяспечаны належныя меры прафілактыкі каронавіруснай інфекцыі.
Ураджэнка Любаншчыны гаворыць, што Случчына стала для яе  роднай. Удзячная калегам за добразычлівыя адносіны, за разуменне і парады, у тым ліку начальніку масларобнага і прыёмна-апаратнага цэха Таццяне Мікалаеўне Пацыкалік, майстрам-масларобам Віталію Аляксандравічу Марыненку, Ірыне Анатольеўне Карпіевіч і іншым. Як адзначыла старшы майстар гэтага цэха Ірына Іванаўна Горбань, Людміла Мікалаеўна Мігун  працуе адказна і старанна, за плённую працу не раз была адзначана граматамі. А яшчэ яна нераўнадушны, добры чалавек, які зараджае акружаючых пазітывам.
Наталля Селязнёва.

К списку записей раздела