Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Культура / Культура

Таленавітаю рукою майстра…

11.08.2023
Нацыянальная культура праяўляецца ў народных традыцыях, духоўных каштоўнасцях, асаблівасцях мыслення і маральных нормах, ладзе жыцця. Традыцыі – гэта тыя галоўныя каштоўнасці, якія перадаюцца народам з пакалення ў пакаленне. Традыцыйная культура, а адпаведна, і грамадства, арыентаваны на захаванне самабытнасці, своеасаблівасці. Культура ўвесь час знаходзіцца ў стане дыялогу з навакольным асяроддзем, і гэта складае аснову яе руху. Традыцыі і навацыі – гэта два бакі культурнага развіцця, дзе галоўная роля, на мой погляд, павінна адводзіцца свайму, роднаму...

Адраджэнне і захаванне традыцыйнай культуры Слуцка і Беларусі, выхаванне нацыянальна свядомага грамадзяніна, далучэнне да традыцыйнага народнага мастацтва шырокіх колаў насельніцтва і асабліва дзяцей, кваліфікаванае збіранне, надзейнае захоўванне традыцыйных рамёстваў, спалучэнне гісторыі і сучаснасці, знаёмства случчан са святамі і абрадамі – асноўныя напрамкі работы Слуцкага гарадскога цэнтра традыцыйнай культуры.

Тут працуюць захопленыя сваёй справай людзі. Сярод іх і кіраўнік калектыву аматарскай творчасці Вольга Варашкевіч. Любоў да творчасці, да рукадзелля яшчэ ў дзяцінстве прывілі матуля і бабуля. У свой час случчанка скончыла Салігорскі педагагічны каледж па класе «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва». Па размеркаванні трапіла на Капыльшчыну, а потым вярнулася на родную Случчыну – у цэнтр традыцыйнай культуры. Спачатку працавала габеленапляцельшчыкам, а зараз стварае аўтарскія лялькі. Дарэчы, упершыню ў Слуцку тут прайшоў і Тыдзень беларускай лялькі.



Важна не толькі ўзнавіць народныя традыцыі, але і нагадаць аб гістарычным значэнні лялькі ў нацыянальнай культуры.

– Нацыянальная культура з'яўляецца скабніцай гістарычнай спадчыны народа. Яна адлюстроўвае яго дасягненні, традыцыі і гістарычныя падзеі. Захаван-не нацыянальнай культуры – гэта памяць аб мінулым, магчымасць перадаваць шматлікія народныя каштоўнасці ў спадчыну будучым пакаленням, – адзначае Вольга Варашкевіч. 

Самым значным сваім працоўным дасягненнем жанчына лічыць тое, што габелен, створаны яе рукамі, быў перададзены Міністру культуры Беларусі Анатолю Маркевічу падчас урачыстага прысваення Слуцку статусу культурнай сталіцы. Для таго, каб культурная спадчына захоўвалася на працягу доўгіх гадоў, кіраўнік калектыву аматарскай творчасці дзеліцца сваім уменнем з падрастаючым пакаленнем. Гурток аўтарскай лялькі карыстаецца асаблівай папулярнасцю сярод школьнікаў. Кожны год новыя юнакі і дзяўчаты папаўняюць рады гурткоўцаў. Сюды прыходзяць навучэнцы ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў. Вопытны майстар адзначае, што ў кожнага дзіцяці ёсць сваё бачанне пры стварэнні лялькі. Дзецям хочацца ўносіць у кожны выраб сваю разыначку, якая будзе адрозніваць яго ад іншых.

З такой жа ахвотай наведваюць юныя случчане і гурток па саломапляценні. Тут іх навучае рамяству Таццяна Гурбо



Саламяныя павукі, якія ўпрыгожваюць хол першага паверха цэнтра традыцыйнай культуры, – карпатлівая праца майстра. Дарэчы, яна таксама, як і яе калега Вольга Варашкевіч, скончыла Салігорскі педкаледж. Вось ужо сапраўды, сяброўства, праверанае часам – ад адной парты ў навучальнай установе да агульнай любімай справы і месца працы. 

З лёгкасцю ўлілася ў дружную каманду аднадумцаў і Яўгенія Купрэйчык. Яна працуе майстрам народных мастацкіх рамёстваў у цэнтры традыцыйнай культуры не так даўно, але адзначае, што неверагодная атмасфера гэтага месца прыцягвае. 



З дзяцінства Яўгенія марыла стаць мадэльерам. Скончыла Слуцкую мастацкую дзіцячую школу мастацтваў, пасля – Баранавіцкі каледж лёгкай прамысловасці. А зараз стварае разнастайныя ўнікальныя і непаўторныя касцюмы. Чым не здзяйсненне мары? 

Паказваюць свае творчыя здольнасці майстры падчас правядзення выстаў і прэзентацый Слуцкага раёна. Так ужо не адзін год запар наведваюць умеліцы святы «Александрыя збірае сяброў», «Славянскі базар у Віцебску» і іншыя. 

Традыцыйная культура адлюстроўвае багатую гістарычную спадчыну народа. Безумоўна, яе неабходна захоўваць і берагчы для будучых пакаленняў. 

Патрэбна ўключаць вывучэнне элементаў нацыянальнай культуры ў адукацыйныя праграмы, гэта дапаможа дзецям і моладзі зразумець і шанаваць сваю гісторыю, культуру і традыцыі, быць неад’емнай часткай свайго народа, нацыі і дзяржавы. 

Кацярына БАРЫСЕВІЧ. 

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения