Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Благоустройство

Время наводить порядок – рейд по улицам Слуцка

29.03.2020
Рэйдавая група ў складзе прадстаўнікоў Слуцкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, Слуцкай ЖКГ, землеўпарадкавальнай службы Слуцкага райвыканкама адправілася па вуліцах Слуцка. Да іх далучылася і карэспандэнт «Слуцкага краю».

Удзельнікі рэйду спадзяваліся, што ўражанні ад убачанага на гэты раз будуць іншыя, чым у мінулыя гады. Пастаянная работа, якая праводзіцца зацікаўленымі службамі ў дадзеным кірунку, прыносіць свае вынікі. Горад стаў значна чысцейшы, але пытанні па навядзенні і падтрыманні парадку па-ранейшаму застаюцца актуальнымі. І многае залежыць ад саміх жыхароў.

Першы прыпынак завулак Чырвонагвардзейскі. Наскрозь прагніўшыя, з абваленым дахам і сценамі сарайчыкі. Тэрыторыя вакол іх – даволі чыстая. Але перакошаныя ад часу пабудовы не ўпрыгожваюць вуліцу.
 
Сараі на завулку Чырвонагвардзейскім


Па словах удзельнікаў рэйду, пытанне аб зносе гэтых пабудоў стаіць ужо даўно, але яны – прыватная ўласнасць, патрабуецца згода ўсіх уладальнікаў. І заўсёды знойдзецца бабуля, якая захоўвае ў такім сарайчыку якія-небудзь дошкі або іншы хлам, і не гатова расстацца з гэтай сваёй маёмасцю. Такіх збудаванняў у горадзе нямала.

Не парадаваў і выгляд тэрыторыі ачышчальных збудаванняў Слуцкага сыраробнага камбіната. Пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, пакеты з-пад соку, папера, па полі насупраць вецер разносіць поліэтылен і іншае смецце.

З’явілася яно там, зразумела, не само. Лягчэй прыадчыніць акно аўтамабіля, і выкінуць пакет з-пад чыпсаў на абочыну, чым давезці яго да смеццевага бака: у машыне ж павінен быць парадак... Вельмі шкада, што многія не лічаць горад сваім домам, дзе павінна быць чыста і ўтульна. Што будзе ад адной паперкі, кінутай на зямлю, падумаеш. А калі кіне кожны? Пачынаць трэба з сябе, чысціня вакол – клопат не толькі камунальных службаў…

У канцы вуліцы Гастэла раней мясцовыя жыхары скідвалі адслужыўшыя буйнагабарытныя рэчы, смецце, галлё, розны хлам. Цяпер там парадак не ідэальны, варта было б прыбраць сухастой і часткова кусты, але відаць, што ўборка тэрыторыі праводзілася. Спадзяёмся, што мясцовыя жыхары ацэняць працу работнікаў ЖКГ на месцы былой несанкцыянаванай звалкі і далей будуць падтрымліваць там чысціню.

Раён набярэжнай ракі Случ паблізу вуліцы Сацыялістычнай таксама ў парадку. Тут ужо няма сметніка, але вось гаспадарскай рукі не хапае.

На кантэйнернай пляцоўцы паблізу дома №18 па вуліцы Сацыялістычнай на першы погляд – парадак, кантэйнеры, чыстая платформа. Уражанне псуецца, калі зазірнуць за пляцоўку: мясцовыя жыхары тут складзіруюць старыя дзверы, вокны, зламаную мэблю, будаўнічае смецце.

– А я ж з раніцы ўжо прыбірала тут, і паўгадзіны не прайшло, – скардзіцца жанчына-дворнік. – Нясуць і нясуць. Хоць бы складалі акуратна, а то кінуць так, што спецтэхніцы потым не пад’ехаць. Яшчэ мая пастаянная праблема – жанчына, якая шукае медзь, выварочваючы смецце з кантэйнераў. Тут жа за пляцоўкай ачышчае дрот. Колькі я з ёй ужо сварылася!

Лесапаласу за 11-м гарадком случчане аблюбавалі для правядзення пікнікоў. Прыбіраць за сабой, на жаль, яны не навучыліся: цалафанавыя пакеты і папера, «развешаныя» ветрам па дрэвах, шкло і пластык зусім не ўпрыгожваюць пейзаж. Чаму ж мы не думаем пра іншых, хто захоча ў выхадныя таксама пасмажыць шашлыкі? Каму прыемна адпачываць побач са сметнікам?

А самым непрыемным сюрпрызам у гэты дзень для ўдзельнікаў рэйду стала вуліца Ціхая, тут мясцовыя жыхары зладзілі несанкцыянаваную звалку: галінкі, леташнія гародніна і садавіна, каністры, шыфер, гума, пластык... А літаральна праз плот – чыёсьці домаўладанне. Праз месяц-паўтара багатым букетам водараў сметніка будзе дыхаць уся вуліца. Што ж, гэта іх выбар.


Сметнік на вуліцы Ціхай.


У адным з тупікоў па вуліцы Гагарына ўсталяваны грамадскі туалет: драўляная будка ў мяне выклікала толькі адно пытанне: навошта? Вакол – сухі леташні бур’ян, галлё і іншае смецце.

На думку некаторых прахожых, тэрыторыю гэтую варта акультурыць, туалеты – знесці.

Грамадскі туалет на вуліцы Гагарына.

Былі ў рэйдзе і станоўчыя моманты. Сямейная пара, якая жыве недалёка ад гарадскіх могілак на вуліцы 14 Партызан, прыводзячы ў парадак пасля зімы тэрыторыю вакол свайго плота, не паленавалася прыбраць смецце і ўздоўж агароджы могілак.

– Дык мы ж жывём побач, самім непрыемна глядзець на гэта, – тлумачыў мужчына. – Мне няцяжка, але хацелася б, каб людзі нашы паважлівей ставіліся і да прыроды, і да працы іншых людзей.

Ірына МАЛЯЎКА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения