Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Благоустройство

Смеціць нельга прыбіраць

06.04.2018
Часам складваецца такое ўражанне, што некаторыя жыхары нашага горада да гэтага часу не вызначыліся, дзе ставіць коску ў гэтым выразе. Кучы смецця на вуліцах, у дварах, асабліва пасля сходу снега, яскрава сведчаць пра гэта. 

У чарговы рэйд разам з прадстаўнікамі Слуцкай ЖКГ і Слуцкага занальнага цэнтра гігіены і  эпідэміялогіі адправілася карэспандэнт газеты «Слуцкі край».

Першы прыпынак – каля адной са шматпавярховак па вуліцы Гагарына, побач бетонны плот, пад якім – горы шкляных бутэлек і іншага смецця. Побач знаходзіцца станцыя тэхабслугоўвання, шынамантаж. На тэрыторыі арганізацый чысціня і парадак, выкладзена плітка, акуратныя боксы, высаджаны туі, а за плотам – зараснікі леташняй травы з сапраўды гіганцкімі кустамі чартапалоху і бытавым смеццем.

Тэрыторыя, згодна з рашэннем Слуцкага райвыканкама, замацавана за ўладальнікам грузавога шынамантажу.

– У мяне ўжо ёсць гектар зямлі з іншага боку, да самых Міхеек, – паясніў мужчына, – я своечасова яго абкошваю і прыбіраю. 

Далей камісія наведала гаражныя кааператывы на той жа вуліцы. Убачанае, на жаль, не парадавала. Уздоўж гаражных боксаў можна ўбачыць старыя шыны ад аўтамабіляў, галлё, паперу, пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, поліэтылен і іншае смецце. 

Відаць, што адміністрацыя кааператыву спрабуе змагацца з нядобрасумленнымі аўтаўладальнікамі. На адной са сцен заўважаем надпіс: «Майце сумленне! Не кідайце смецце!». І як насмешка – тут жа велізарная звалка. 

Не менш здзівіў іншы гаражны кааператыў, дзе паўразбураны бокс даверху напоўнены  мяшкамі са смеццем. Такая своеасаблівая гаражная звалка бытавых і не толькі адходаў.  Прычым яна тут ужо не месяц і не два. Які там будзе стаяць «водар», калі прыгрэе сонейка, і падумаць страшна. Але, мабыць, уладальнікам бліжэйшых гаражоў нічога не перашкаджае.

Тэрыторыя каля былога вайсковага шпіталя выглядае так: зараснікі, леташняя трава, старыя адзенне і абутак, патануўшая ў іншым смецці канапа, будаўнічае смецце. Сумна і непрыемна...

Наступны прыпынак у скверы каля гарадскога цэнтра традыцыйнай культуры. Тут у цэлым даволі чыста, толькі галлё ды леташнюю лістоту варта было б прыбраць.

Па-ранейшаму забруджаны  невялікі ўчастак за цэнтральнай раённай бальніцай. Перапоўненая сметніца, не скошаная з мінулага года трава, смецце. Такую карціну назіралі і летась. Побач – жылыя дамы і дзіцячая пляцоўка.

Па выніках рэйду ў адказныя службы будуць накіраваны лісты з патрабаваннем ліквідаваць выяўленыя стыхійныя звалкі. Але многае залежыць і ад саміх гараджан. Некаторыя лічаць, што падтрыманне парадку задача  ЖКГ, дворнікаў, яны за гэта грошы атрымліваюць. Але ж пакуль мы самі не навучымся ўтрымліваць у чысціні свой дом і двор, тэрыторыю побач, камунальшчыкі не дапамогуць. 

Смеціць – гэта непавага ў першую чаргу да сябе. Давайце ж думаць і пра сябе, і пра наваколле. І ў Год малой радзімы ўсе разам навядзём парадак на зямлі.

Ірына МАЛЯЎКА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения