Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Благоустройство

Агульная справа

30.05.2018
Прадпрыемствы і арганізацыі раёна, за якімі замацаваны тэрыторыі агульнага карыстання ў Слуцку, паступова наводзяць парадак, абкошваюць замацаваныя ўчасткі.

Рабочая група ў складзе прадстаўнікоў некаторых службаў Слуцкага райвыканкама, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Слуцкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сочыць за сітуацыяй з навядзеннем парадку на зямлі.

Аб’езды паказваюць, што гэтаму пытанню многія суб’екты гаспадарання не надаюць належнай увагі. Гутаркі з кіраўнікамі, спецыялістамі ўстаноў, прадпрыемстваў далі свой плён – прыдарожныя палосы ў горадзе значна папрыгажэлі. Без заўваг добраўпарадкоўваюць тэрыторыі (прадпрыемства і замацаваную) работнікі адкрытага акцыянернага таварыства «Слуцкі цукроварафінадны камбінат». А ўчастак у іх немаленькі. Хутка ўстаранілі недахопы ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат», з разуменнем аднесліся да гэтага пытання на мясакамбінаце, не ўзнікае пытанняў і да Слуцкага занальнага вузла электрасувязі РУП «Белтэлекам».

На момант аб’езду не было скошана на вуліцы Магістральнай (ДЭУ-64), участак вуліцы 14 Партызан (ІП Ярмола, ТАА «Дарбудсэрвіс»),  на вуліцы Салігорскай на ўчастку, замацаваным за ДРБУ-125. Пакідае жадаць лепшага тэрыторыя перад Мінскім абласным кадэцкім вучылішчам, зялёная зона паміж вуліцамі 14 Партызан, Магістральнай і Кальцавой, замацаваная за Слуцкім дзяржаўным сельскагаспадарчым прфесійным ліцэем. На вуліцы Тутарынава ёсць «маляўнічы» куток (належыць прыватнаму грамадзяніну). Як адзначылі ў ЖКГ, не абкошваюць замацаваную тэрыторыю «Ваенсэрвіс», «Беларусбанк» і «Белаграпрамбанк».



На вуліцы Гагарына не дагледзелі тэрыторыю ПМК-226 і СПМК-122. А за ваенным гарадком недалёка ад дамоў каля пляцоўкі для збору смецця наогул вырас несанкцыянаваны сметнік. Там і сухое галлё, і трава свежаскошаная і ўжо засохлая, іншае смецце. Усё гэта зарастае пустазеллем. А яшчэ нехта з ліку «сумленных» грамадзян выкінуў туды металічную шафу. Самі ж смецім, а потым скардзімся, што смецце разлятаецца па вуліцы, непрыемны пах… А што тычыцца буйнагабарытных рэчаў, то можна звярнуцца ў ЖКГ, яны дапамогуць вырашыць праблему.


Калі дзяржаўныя прадпрыемствы (няхай не адразу) акошваюць тэрыторыі, то з некаторымі прыватнымі арганізацыямі існуе праблема. Сорамна за асобныя ўчасткі ў цэнтры горада: вуліца Леніна, 155, 157, 159. 



Тэрыторыя замацавана за шэрагам прыватных прадпрыемстваў, індывідуальных прадпрымальнікаў. Некаторыя, праўда, ужо скасілі траву, але яшчэ ёсць над чым працаваць. Працаўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў папярэднія гады ўладкавалі там кветнікі. Але іх не відаць за травой. Чаму для адных навесці парадак на зямлі не праблема, а для іншых...

Не належным чынам абкошваюць тэрыторыю прыватныя домаўладальнікі. Спецыялісты цэнтра гігіены і эпідэміялогіі выдаюць ім прадпісанні, потым – пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні і штраф. А грамадзяне павінны падтрымліваць парадак на прысядзібным участку і прылягаючай да домаўладання тэрыторыі да асі праезнай часткі вуліцы па ўсёй дліне ўчастка.



Уласнікам домаўладанняў прыватнага сектара неабходна навесці парадак на дваровых і прылягаючых тэрыторыях. Гэта ўклад кожнага жыхара ў агульную справу па добраўпарадкаванні горада.

Навядзенне парадку на зямлі – не разавая акцыя. Добраўпарадкаванне роднага краю, горада заўсёды было і застаецца справай не толькі органаў дзяржаўнага кіравання, але і кожнага асобна ўзятага чалавека. Бо менавіта ад зладжанай агульнай працы насельніцтва, спецыялізаваных службаў залежыць знешні выгляд горада і раёна. Уклад кожнага чалавека, няхай самы мінімальны, – вельмі важны. Давайце ж усе будзем гаспадарамі на роднай зямлі!

Ірына КАВАЛЕНКА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения