Новости Слуцка и Слуцкого района

Дэпутат Валянціна Ражанец расказала пра работу ў Парламенце

15.02.2024
Справаздача дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Слуцкай выбарчай акрузе №67 Ражанец Валянціны Вітальеўны

Шаноўныя случчане!

Увесь час работы ў Парламенце ў якасці старшыні і намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі маім прыярытэтным кірункам была дзейнасць на карысць роднай краіны і Случчыны. І ў заканадаўчай, і ў грамадска-палітычнай сферах працавала разам з вамі, дарагія сябры, і ў адпаведнасці з вашымі інтарэсамі. 

Заканатворчасць

Завершана работа па прывядзенні законаў у адпаведнасць з абноўленай Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Важнейшымі прававымі дакументамі, накіраванымі на актывізацыю канструктыўнага ўдзелу грамадзян у грамадска-палітычным жыцці, сталі Закон “Об основах гражданского общества”, змяненні законаў “Аб грамадскіх аб’яднаннях” і “Аб палітычных партыях”. Для будаўніцтва збалансаванай і цэласнай сістэмы дзяржаўнай службы прыняты новы Закон “Аб дзяржаўнай службе”, удасканалены прававыя асновы адвакацкай і натарыяльнай дзейнасці, правядзення медыяцыі і іншыя. 

Новаўвядзенні ў Закон “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” абнавілі працэсы разгляду зваротаў з дапамогай адзінай рэспубліканскай аўтаматызаванай сістэмы ўліку і апрацоўкі зваротаў. Гэта забяспечвае празрыстасць гісторыі ўзаемадзеяння грамадзяніна і органаў дзяржаўнай улады. 

Карэкціроўка працоўнага заканадаўства, законаў аб прафесійных саюзах, пенсіённым забеспячэнні і дзяржаўным сацыяльным страхаванні арыентавана на павышэнне ўзроўню сацыяльнай абароненасці і паляпшэння якасці жыцця грамадзян.

Новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі прызвана стаць прававым інструментам у павышэнні якасці беларускай адукацыі і ўмацавання яе прэстыжу на міжнароднай арэне. 

Дзеля падтрымкі ініцыятыў моладзі і праектаў маладзёжных грамадскіх арганізацый унесены змяненні ў Закон “Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі”.

Вялікая ўвага ўдзелена прававому рэгуляванню аховы здароўя насельніцтва, павышэнню даступнасці і якасці аказання медыцынскай дапамогі, рэабілітацыйных мерапрыемстваў у адносінах да інвалідаў. Гэтым мэтам паслужаць новы Закон “Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі”, змяненні ў законы “Аб ахове здароўя”, “Аб аказанні псіхалагічнай дапамогі”, “Аб донарстве крыві і яе кампанентаў”, “Аб трансплантацыі органаў і тканак чалавека”.

Актуалізавана заканадаўства аб навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, фізічнай культуры, спорце і турызме, у сферы культуры і аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

Комплексныя змяненні ўнесены ў Грамадзянскі кодэкс, абумоўленыя замацаваннем новых інстытутаў грамадзянскага права, уніфікацыяй заканадаўства Рэспублікі Беларусь з грамадзянскім заканадаўствам дзяржаў – членаў Еўразійскага эканамічнага саюза, удасканалення норм з улікам практыкі прымянення Кодэкса.

Для забеспячэння ўстойлівасці фінансавай сістэмы, падтрымкі рэальнага сектара эканомікі, развіцця гаспадарчай дзейнасці прыняты новыя законы, якія тычацца плацёжных сістэм і плацёжных паслуг, ліцэнзавання, урэгулявання неплацежаздольнасці, рэгулявання бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі і многія іншыя.  На вырашэнне інснуючых праблем у сферы зямельных адносін накіравана прыняцце новай рэдакцыі Кодэкса аб зямлі. Значнае месца ў заканатворчай дзейнасці займаюць пытанні забеспячэння нацыянальнай бяспекі і процідзеяння санкцыйнаму ціску.  

Асаблівую значнасць для развіцця грамадска-палітычнай сістэмы краіны мае абсалютна новы Закон “Аб Усебеларускім народным сходзе”.    

Парламентам сёмага склікання прынята больш за 320 законаў. У  практыцы годна ўкараніліся традыцыі народнай заканатворчасці: найбольш складаныя і значныя праекты законаў мелі шырокае абмеркаванне ў рэгіёнах краіны з удзелам спецыялістаў, практыкаў, прадстаўнікоў рэальнага сектара эканомікі, бізнес-супольнасці, мясцовых органаў улады. Праводзіліся круглыя сталы, канферэнцыі, выязныя пасяджэнні пастаянных камісій. У прыватнасці, такая маштабная работа была разгорнута па Выбарчым кодэксе, Кодэксе аб зямлі, Кодэксе аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, законапраекце па прадпрымальніцкай дзейнасці. Законапраекты абавязкова прадастаўляліся мной для магчымых прапаноў і заўваг, абмяркоўваліся з профільнымі арганізацыямі на Случчыне. Адзін са свежых прыкладаў – карэкціроўка закона па пытаннях дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёю, заснаваная на выніках работы са зваротамі грамадзян. Адсутнасць мер адказнасці за нездзяйсненне дзяржаўнай рэгістрацыі правоў на набытыя на другасным рынку аб’екты нерухомай маёмасці, платнасць працэдуры прыводзіла да зацягнення тэрмінаў рэгістрацыі на дзясяткі гадоў. Гэта выклікала шмат нязручнасцей і казусаў пры падаткаабкладанні, атрыманні субсідый і ў іншых сітуацыях. Таму законапраектам прапанавана ўстанавіць абавязковасць здзяйснення дзяржаўнай рэгістрацыі ў адносінах да аб’ектаў нерухомай маёмасці.

Міжнародная, міжпарламенцкая і грамадска-палітычная дзейнасць 

Працягвала актыўную дзейнасць на міжнародных пляцоўках – у складзе дэлегацыі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў – удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, рабочых груп па супрацоўніцтве з парламентамі замежных дзяржаў. Узначальваемая мной парламенцкая група па справах беларусаў замежжа ўнесла важкі ўклад у развіццё народнай дыпламатыі. Сумесна з міністэрствамі замежных спраў, культуры, Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур праведзены відэамарафон «Белаусь і я – дыялог міру і стварэння», у якім прымалі ўдзел прадстаўнікі беларускай дыяспары замежжа. Больш за 300 работ з Азербайджана, Аргенціны, Арменіі, Індыі, Іарданіі, Італіі, Іспаніі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Расіі, ЗША, Узбекістана, Швецыі, Эстоніі і іншых краін прысвечаны захаванню беларускіх нацыянальных традыцый, літаратурнай творчасці, выяўленчаму мастацтву. Яны створаны па выніках праведзеных мерапрыемстваў, падарожжаў па Беларусі, рэалізацыі праектаў, накіраваных на сумесную стваральную дзейнасць, увасабленне ідэй міру, развіцця і ўзаемадапамогі.

Зараз прыкметна павышаецца міжнародны аўтарытэт і ўплыў такіх аб’яднанняў, як Еўразійскі эканамічны саюз, Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва, БРІКС, да якіх далучаюцца многія краіны, у іх ліку -- Беларусь. Дэпутацкі корпус актыўна ўмацоўваў кантакты з парламентарыямі дзяржаў-аднадумцаў, выкарыстоўваючы фармат народнай дыпламатыі, настойліва і паслядоўна прадстаўляючы імідж Беларусі як надзейнага эканамічнага партнёра. Значнымі кірункамі застаюцца процідзеянне інфармацыйным нападкам, абарона гістарычнай памяці, патрыятычнае выхаванне моладзі.

Насычанай была работа ў складзе Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці, абласной інфармацыйнай групы, абласнога мастацка-экспертнага савета па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве. Актыўна дзейнічае ўзначальваемая мной пярвічная прафсаюзная арганізацыя Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў.

Работа ў акрузе

Адзін з важнейшых кірункаў дэпутацкай дзейнасці – работа ў акрузе, якой заўсёды ўдзялялася прыярытэтная ўвага. Падчас прыёмаў грамадзян і юрыдычных асоб па асабістых пытаннях звярталіся случчане з самымі рознымі праблемамі. Для вырашэння прававых аспектаў узаемадзейнічалі з міністэрствамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, энергетыкі, фінансаў, Дзяржаўным камітэтам па маёмасці Рэспублікі Беларусь і іншымі ведамствамі і арганізацыямі. Пры неабходнасці ў шматлікія заканадаўчыя акты ўносілі карэкціроўкі, атрымлівалі растлумачэнні і кансультацыі. 

Вялікую падтрымку ў вырашэнні многіх пытанняў аказвалі Мінскі абласны выканаўчы камітэт, Мінскі абласны Савет дэпутатаў, Слуцкі раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў, установы і арганізацыі, намаганнямі якіх развівалася інфраструктура Случчыны. У мікрараёне Чэхава пачата будаўніцтва дзіцячага сада – пачатковай школы, вядзецца добраўпарадкаванне шматлікіх пляцовак і месцаў адпачынку. 

Раённыя органы ўлады, арганізацыі і ўстановы планамерна вырашаюць узнікаючыя пытанні. Аднак важна разумець, што ў адзін момант немагчыма выканаць усе работы, на якія патрэбны і час, і фінансы. Па зваротах грамадзян пасля вывучэння праблем аб'екты ўключаліся ў пералік работ і выконваліся ў адпаведнасці з чарговасцю.

2023 год для Слуцка стаў адметным – горад атрымаў статус культурнай сталіцы Беларусі, з гэтай нагоды прайшлі многія знакавыя мерапрыемствы. Прыемна было ўнесці свой уклад у справу і перадаць краязнаўчаму музею копіі інвентароў 1621 і 1642 гадоў дзеля вывучэння і захавання гістарычных звестак, а таксама копіі дакументаў з уласнаручнымі подпісамі Яна і Леана Маджарскіх. 

Пры садзейнічанні дэпутата наладжана супрацоўніцтва паміж Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэкай і Юньнаньскай правінцыяльнай бібліятэкай (Кітайская Народная Рэспубліка): падчас двухбаковага анлайн-семінара заключаны мемарандум, што стане спрыяльнай платформай для далейшага развіцця адносін, павышэння ўзроўню ўзаемадзеяння ў бібліятэчнай справе. Пры падтрымцы дэпутата развіваюцца эксклюзіўныя бібліятэчныя праекты з установамі і арганізацыямі Расійскай Федэрацыі, у прыватнасці, случчанам стануць даступныя агульнадзяржаўныя фонды электроннага сховішча лічбавых копій важнейшых дакументаў Прэзідэнцкай бібліятэкі імя Б.М. Ельцына (Санкт-Пецярбург).

 У дар Слуцкай бібліятэцы перададзены і інфармацыйна-краязнаўчы рэсурс “Слуцк: гісторыя ў дакументах”, выдадзены Прэзідэнцкай бібліятэкай па ініцыятыве парламентарыя. Безумоўна, важнае значэнне мае і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, таму для арганізацыі музейнай і выставачных экспазіцый установе перададзены камплекты адпаведнай мэблі.

У школы горада і раёна, цэнтр тэхнічнай і прыкладной творчасці навучэнцкай моладзі паступілі больш за сто адзінак камп’ютарнага абсталявання. Мультымедыйная сістэма набыта для сацыяльна-педагагічнага цэнтра, у планах – усталяванне там дзіцячага гульнёвага комплексу ў рамках праграмы Міністэрства інфарматызацыі і сувязі. Парадаваў педагогаў і вучняў Вясейскай дзіцячай школы мастацтваў спецыяльны падарунак – два камплекты новых прафесійных мікрафонаў для канцэртнай дзейнасці. Праграма ўсталявання камп’ютарных класаў, абмеркаваная з Міністэрствам адукацыі, дазволіла ўкамплектаваць неабходнай тэхнікай школы Случчыны.

Важнасць работы з моладдзю і школьнікамі ніколі не страціць сваёй актуальнасці. Дыялогі ў фармаце Школы актыўнага грамадзяніна, інфармацыйных сустрэч у Палаце прадстаўнікоў, круглых сталоў і іншых праходзяць у даверлівай абстаноўцы, абмяркоўваюцца розныя тэмы. Візіт у Парламент педагогаў і вучняў Вясейскай і Казловіцкай сярэдніх школ, кадэтаў Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча, Маладзёжнага парламента пры Слуцкім раённым Савеце дэпутатаў, педагогаў і навучэнцаў Слуцкага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа і іншых удзельнікаў падобных мерапрыемстваў сталі запамінальнай падзеяй для случчан. Вельмі пазнавальнымі былі экскурсіі ў Прэзідэнцкую бібліятэку, дзе праходзіла знаёмства з унікальнымі фондамі, цікавымі выстаўкамі друкаваных выданняў. Школьныя бібліятэкі імкнулася папаўняць эксклюзіўнымі матэрыяламі і кнігамі.

Спадзяюся, будзе даведзена да лагічнага завяршэння наданне статуса прыроднага помніка двум 250-гадовым дубам на тэрыторыі эколага-біялагічнага цэнтра навучэнцаў у Слуцку, з гэтай мэтай была наладжана сувязь з адпаведным падраздзяленнем Нацыянальнай акадэміі навук.

Вучнямі і педагогамі сярэдняй школы №12 рэалізуецца праект “Без права на забыццё”, створаны пры падтрымцы суайчыннікаў замежжа і прысвечаны захаванню памяці пра подзвіг савецкага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны: у лічбавым фармаце будуць жыць помнікі, знесеныя ў еўрапейскіх краінах. Сімвалічна, што над праектам працуе моладзь, якой старэйшае пакаленне перадае гістарычную спадчыну.

Нязменна прымала ўдзел у дзяржаўных і грамадска значных мерапрыемствах, у акцыях «Тыдзень лесу», «Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь», «Нашы дзеці», «Ад усёй душы», «Збяром партфель разам», да Дня абароны дзяцей, Года міру і стварэння, Года якасці, суботніках па добраўпарадкаванні тэрыторый, шматлікіх дабрачынных мерапрыемствах. Гэта толькі невялікая частка здзейсненага, пра ўсё, як адзначала і ў ранейшых справаздачах, немагчыма расказаць у фармаце газетнай старонкі. Дыханне жыцця Случчыны і ўсёй краіны адчувала кожны дзень і ў вірлівым патоку падзей заўсёды знаходзіла час для таго, каб выслухаць жыхароў раёна і прыняць меры для вырашэння хвалюючых пытанняў, бо за кожным з іх – канкрэтны чалавек і яго лёс.

Нагадаю, што звесткі пра работу ў Парламенце змяшчаюцца на персанальным (http://razhanets.house.gov.by) і афіцыйным сайтах Палаты прадстаўнікоў (http://www.house.gov.by), у сацыяльных сетках, у сродках масавай інфармацыі.

Выказваю шчырую ўдзячнасць усім за аказаны давер прадстаўляць Слуцкі раён у Парламенце, за канструктыўнае ўзаемадзеянне, ініцыятывы і прапановы па ўдасканаленні заканадаўства. Шчыра жадаю ўсім вам, шаноўныя землякі, здароўя, дабрабыту, шчасця, міру і згоды.

З павагай, Валянціна Ражанец.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения