Свята, якое аб’ядноўвае
17.09.2023
Сёння наша краіна ў трэці раз адзначае Дзень народнага адзінства. Мы спыталі ў случчан, што для іх значыць гэты дзень.
Павел Жупранскі, старшыня Слуцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў:
– 17 верасня – напамін пра тое, што толькі разам, у адзінстве, народ паспяхова можа процістаяць усім знешнім і ўнутраным пагрозам. Мы павінны падстаўляць плячо адзін аднаму, мы адказныя за лёс сваёй Радзімы. Дзяды і прадзеды нас вучылі шанаваць сваю зямлю, Радзіму і людзей, якія жывуць побач. З’яўленне новага дзяржаўнага свята – гэта магчымасць даказаць, што мы адзіны народ, які ўпэўнена ідзе да агульнай мэты: жыць у мірнай, суверэннай і незалежнай краіне.
Вольга Бруй, намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Слуцкі мясакамбінат»:
– Дзень народнага адзінства – значнае свята для беларусаў – азначае вернасць Радзіме, гатоўнасць абараняць яе, працаваць дзеля яе працвітання. Яно аб’ядноўвае людзей. Мы, беларусы, як вялікая дружная сям’я, захоўваем свае традыцыі і прымнажаем іх, не дзелім людзей па нацыянальнай, рэлігійнай ці іншым прыкметах. Разам з Кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнка мы ўпэўнена глядзім у будучыню. Вядома, што калі народ раз’яднаны, то для краіны гэта сумна заканчваецца. Беларусь і далей нацэлена развівацца, таму мы павінны быць разам, у адзінстве наша моц.
Міхаіл Тарасевіч, стараста вёскі Волашава:
– Дзень народнага адзінства, на маю думку, у чарговы раз узгадвае, што мы – адна нацыя і нас аб’ядноўваюць не толькі агульныя каштоўнасці, але і тое, што мы выступаем за мір. Не раз спрабавалі зламаць стойкасць і моц беларусаў, але наш народ кожны раз спраўляўся. Агульнымі намаганнямі і жаданнем быць самастойнымі мы перамаглі розныя сацыяльныя і эканамічныя няўдачы і жывём у незалежнай і міралюбівай краіне.
Ірына Норка, старшыня Маладзёжнага парламента пры Слуцкім раённым Савеце дэпутатаў:
– Галоўная каштоўнасць, якая нас аб’ядноўвае, якую берагуць беларусы, – гістарычная памяць. У Беларусі памятаюць пра мінулае, не адракаюцца ад сваёй гісторыі і думаюць пра будучыню. Мы робім усё, каб наша краіна квітнела і развівалася, неабходна захаваць нашы традыцыі, самабытнасць, назапашаны вопыт і перадаць іх будучым пакаленням. І ў гэтым наша народнае адзінства.
Ірына КАВАЛЕНКА.
К списку записей раздела