Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Новости Слуцка

Сяргей Вішнеўскі: «Давер людзей мацуецца адкрытасцю»

25.11.2023
–Які кірунак работы старшыні сельвыканкама Вы лічыце самым важным? – пытаюся ў старшыні Ісернскага сельскага Савета дэпутатаў Сяргея Вішнеўскага? Ён адказвае, што цяжка вызначыць,  бо ўсё, што звязана з надзённымі клопатамі людзей, іх праблемамі, спадзяваннямі, рашэннем хвалюючых пытанняў,  мае адметнае значэнне. Дробязей у гэтай справе не бывае.

– Сельсавет наш невялікі, агульная плошча 584 гектары, 11 населеных пунктаў, у тым ліку аграгарадок Ісерна, – расказвае  Сяргей Мікалаевіч. – Па стане на 1 студзеня гэтага года налічвалася  1 273 жыхары, з іх 692 – працаздольнага ўзросту, 384 пенсіянеры,  197 дзяцей узростам да 18 гадоў.  Наш сельсавет знаходзіцца на адлегласці ад Слуцка прыкладна ў 20 кіламетрах, не прыгарад, канечне,  аднак, перакананы, ёсць патэнцыял для далейшага развіцця. Улетку, напрыклад, у аграгарадок Ісерна, іншыя вёскі сельсавета прыязджаюць гараджане-дачнікі,  унукі да бабуль і дзядуль на канікулы. Сельскае жыццё тады набывае новы фармат. Ёсць і пакупнікі дамоў у нашых вёсках. Ды працаздольных жыхароў у сельсавеце нямала, яшчэ адно сведчанне рэальных перспектыў. Галоўнае – падтрымліваць, развіваць гэту тэндэнцыю.

Сергей Вішнеўскі лічыць, што важным фактарам замацавання людзей на вёсцы з’яўляецца добраўпарадкаванне: каб больш ладным, утульным,  прывабным станавілася сельскае жыццё. Адзін з кірункаў гэтай работы – знос старых пустуючых дамоў. Летась на тэрыторыі сельсавета знеслі 4 такія дамы, столькі ж – сёлета. У «рабоце», расказвае мой субяседнік, яшчэ 16 старых пустуючых домаўладанняў, матэрыялы па 6-ці з іх будуць накіраваны ў суд для рашэння лёсу пабудоў, 2 старыя пустуючыя дамы, якія ўжо прызнаны безгаспадарнымі, плануюць знесці ў наступным годзе. Адзін дом прадалі за базавую велічыню. Вызваленыя зямельныя ўчасткі пасля зносу старога жылля ўцягнуты ў гаспадарчы абарот ААТ « Ісерна», адзін участак выдзелены сям’і пад будаўніцтва.

– Ісернскі сельвыканкам працуе ў цесным узаемадзеянні з адкрытым акцыянерным таварыствам «Ісерна», – адзначае Сяргей Вішнеўскі. – Кіраўнік мясцовай сельскагаспадарчай арганізацыі Аляксей Родзік з разуменнем ставіцца да праблемных пытанняў вяскоўцаў, добраўпарадкавання, навядзення парадку на зямлі, у тым ліку рэгулярна аказваецца дапамога тэхнікай, працоўнай сілай. За сродкі і сіламі ААТ «Ісерна» сёлета праведзены рамонт Ісернскага ФАПа, працягваецца рамонт працэдурнага кабінета Ісернскай бальніцы сестрынскага догляду. Выконваюцца падрыхтоўчыя работы на пляцоўцы ў аграгардку Ісерна, дзе ў наступным годзе будзе ўстаноўлены дзіцячы гульнёвы комплекс!

Твар Сяргея Мікалаевіча пры гэтых словах расквечвае шчырая радасць. Былы вайсковец, выпускнік Арджанікідзэўскага вышэйшага агульнакаманднага двойчы Чырванасцяжнага вучылішча ва ўсім любіць парадак, дакладнасць, ён прывык выконваць сваю работу аддана, не важна, якой бы справай ні займаўся. Дарэчы, да старшынства ў Ісернскім сельвыканкаме Сяргей Вішнеўскі нёс службу ў Слуцкім РАУС, у тым ліку шмат гадоў працаваў участковым інспектарам міліцыі на тэрыторыі Ісернскага сельсавета. Зусім нядаўна на ўрачыстасці, прысвечанай 100-годдзю службы ўчастковых інспектараў міліцыі, яму ўручылі нагрудны знак адзнакі «За заслугі».



–Аднак давайце вернемся да добраўпарадкавання, – спыняе мае пытанні пра біяграфію Сяргей Мікалаевіч. – Некалькі гадоў таму на грамадзянскіх могілках, а іх на тэрыторыі сельсавета 9, мы правялі капітальную ўборку аварыйных дрэў, старога кустоўя. Работу зрабілі вялікую, з удзелам мясцовых жыхароў. За сродкі вяскоўцаў на могілках у Ісерна ўстанавілі новую агароджу. Не забываем і пра азеляненне тэрыторый, напрыклад, сёлета дэпутаты Ісернскага сельскага Савета дэпутатаў  і вучні Ісернскай сярэдняй школы ў аграгарадку пасадзілі маладзенькія бярозкі. Працуем з насельніцтвам па замене агароджаў каля домаўладанняў. Пакуль не ўсё атрымліваецца так, як хацелася б, аднак зрухі ёсць. На вуліцы Цэнтральнай у вёсцы Вялікая Сліва жыхары ўстанавілі дзве новыя агароджы з металапрофілю, на вуліцы Першамайскай у Ісерна – таксама. Канечне, нашы дэпутаты працуюць, вясковыя старасты вялікую дапамогу аказваюць: Валянціна Яфімаўна Самусевіч не толькі наш сельскі парламентарый, але і стараста вёскі Вялікая Сліва, яшчэ актыўны наш памочнік  стараста вёскі Гуляева Наталля Мікалаеўна Сіняўская і іншыя. 





Сяргей Мікалаевіч расказвае, што дэпутацкі корпус сельскага Савета дэпутатаў (11 чалавек) рэгулярна праводзіць растлумачальную работу з вяскоўцамі аб тым, што чысціня і парадак на малой радзіме залежыць ад кожнага. Хтосьці рэагуе з першай размовы, а хтосьці так і не прыкладзе рук, каб навесці парадак каля домаўладанняў на вуліцы, на прысядзібных участках. Тады старшыні сельвыканкама даводзіцца «ўключаць» адміністрацыйны рэсурс, у гэтым годзе жыхарам сельсавета выдалі каля 70 прадпісанняў на ўстараненне недахопаў па навядзенні парадку.

– У рабоце ў пэўнай ступені дапамагае тое, што я мясцовы, ураджэнец вёскі Працавічы. Ведаючы характар чалавека, лягчэй знаходзіць ўзаемаразуменне, – дзеліцца мой субяседнік. – З рознымі праблемамі як агульнага, так і прыватнага характару звяртаюцца да мяне людзі. У рашэнні многіх пытанняў садзейнічае сельвыканкам, аднак не з усімі праблемамі можна справіцца адначасова. Ёсць і такія, што патрабуюць перспектыўнага рашэння, напрыклад, што тычыцца рамонту дарог, замены сістэм вулічнага асвятлення альбо ўстаноўкі электракатлоў. Не ў маіх правілах даваць абяцанні, якія не будуць выкананы. Шчыра расказваю вяскоўцам, чаму пакуль не прадстаўляецца магчымым змяніць сітуацыю. Давер людзей у тым ліку мацуецца адкрытасцю. Самае галоўнае ў маёй, ды ў любой іншай справе, не быць раўнадушным, быць чалавекам.

Відавочна, кола спраў старшыні сельвыканкама не абмяжоўваецца пытаннямі добраўпарадкавання, разглядам зваротаў грамадзян. Сельвыканкам вядзе работу з жыхарамі працаздольнага ўзросту, не занятымі ў эканоміцы, з сем’ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, займаецца афармленнем даведак, дакументаў, у фокусе ўвагі і прафілактыка п’янства, злачыннасці, пажараў,  ды многія іншыя пытанні сельскага жыцця. У рабоце ўзаемадзейнічае з установамі удукацыі, медустановамі, міліцыяй, раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях, іншымі структурамі. Вось і ў бліжэйшы час запланавана выязное пасяджэнне ў Велікасліўскай базавай школе па разгляду дзвюх няўдачных сем’яў.

–Мне па душы такое кіпучае, імклівае жыццё, а галоўнае – адчуваць, што ты патрэбен, – усміхаецца Сяргей Вішнеўскі.
Наталля Селязнёва.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения