Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Новости Слуцка

«Самая, самая лепшая ў свеце жонка і матуля», кажуць пра случчанку Кацярыну Жыркову ў яе сям’і

08.03.2024
 Яна матуля сямі цудоўных дзетак, шасцёра з якіх непаўналетнія, патрабуюць асаблівай увагі, ласкі і пяшчоты. Чацвёра з іх – Руслан, Ангеліна, Хрысціна, Ягор – вучацца ў школе, падрастаюць прыгажунькі Дар’яна і Эмілія, ужо дарослы Данііл жыве і вучыцца ў Іркутску. Кацярына адзначана ордэнам Маці.

– Першае, да чаго павінны прывучыць у сям’і, – да самастойсці і клапаціцца адзін пра аднаго. Выхоўваць дзяцей трэба ласкай, павагай, уласным прыкладам, – лічыць Кацярына. – Калі гэта будзе, тады ўсё атрымаецца. – Нашы старэйшыя часта дапамагаюць нам на кухні, больш іншых любіць завіхацца тут сярэдні сын Руслан. Ён сапраўдны повар – і кашу зварыць, і суп, і салат прыгатуе. А яшчэ разам з татам любіць майстраваць, нават у аб’яднанне па інтарэсах «умелыя ручкі» ў школе ходзіць.
Хрысціна – як маленькая матуля, прыглядвае за меншымі, выхоўвае іх, любіць заплятаць косы малодшай сястрычцы, дапамагае ёй і Ангеліна, якая яшчэ і танцамі захапляецца.



Толькі вялікая, дружная сям'я!
– Кацярына, як і я, з мнагадзетнай сям’і. А таму па-іншаму і быць не магло – толькі вялікая, дружная сям’я. У гэтым годзе споўніцца 25 гадоў, як мы разам, – уключаецца ў размову муж Сяргей. – Пазнаёміліся яшчэ падчас вучобы ў сталіцы. У нас шмат агульных інтарэсаў. Абое захапляемся музыкай, спяваем пад гітару. Да таго ж Кацярына аказалася клапатлівай маці і цудоўнай жонкай, гаспадыняй.

Яна родам са Слуцка, я – з Магадана. Калі пажаніліся, вырашылі жыць у Беларусі, у Слуцку. Тут яе бацькі, ды і ў раённым горадзе было лягчэй працаўладкавацца (я тады быў грамадзянінам Расійскай Федэрацыі), больш магчымасцей набыць жыллё.

Кацярына работніца Слуцкага цэнтра турызму, кажа, прафесія – як стыль жыцця, а таму нават у водпуску па догляду дзіцяці да трох гадоў, калі трэба, спяшаецца на працу.

 Да таго ж – гэта вельмі прывабная жанчына. Як толькі на ўсё хапае часу, пытаю і чую ў адказ: «У мяне цудоўная сям’я, дзе кожны адчувае любоў і падтрымку. Муж Сяргей – індывідуальны прадпрымальнік, вадзіцель першага класа, міжнароднік. Увесь вольны час імкнецца быць побач, дапамагчы».

– Пры падтрымцы дзяржавы пабудавалі жыллё, усё задавальняе: у нас добрыя узаемаадносіны з бацькамі, штогод падчас водпуску ездзім у падарожжы, усе здаровыя і мір у краіне, ёсць і на ежу, і на вопратку хапае. Аднак заўсёды варта імкнуцца да чагосьці яшчэ, – разважаюць яны.

Мара бацькоў – пабудаваць свой дом, а яшчэ – пабываць з дзецьмі ў Дубаі і Афрыцы.

Заядлыя вандроўнікі
Дарэчы, яшчэ адно, што яднае сям’ю – любоў да падарожжаў. І мнагадзетнасць тут не перашкода. «Галоўнае – жаданне пабачыць свет, паказаць яго дзецям», – кажа Кацярына. Яны аб'ехалі Беларусь. На сваёй машыне Жырковы разам з дзецьмі пабывалі ў многіх краінах Еўропы, гарадах Расійская Федэрацыі.

– Упершыню ў далёкае падарожжа паехалі цягніком на Калыму, калі мне трэба было памяняць пашпарт і выпісацца, – узгадвае Сяргей. – Тады жонка сказала, што вось было б цудоўна спыняцца. Так з’явілася ідэя падарожнічаць. 

– Не паверыце, больш пачалі падарожнічаць, калі было чацвёра дзетак, – дадае Кацярына. – Цікава ўсё – славутасці, выдатныя мясціны, архітэктура, як сустракаюць людзі, іх уклад жыцця, як размаўляюць, аб чым думаюць, мараць. Дзе не бываем, абавязкова наведваем заапаркі, дзецям гэта вельмі падабаецца.

Добрыя ўражанні засталіся, калі пабывалі на радзіме мужа – у Магадане, на Калыме. Адмысловая рыса жыхароў паўночнага полюсу – гасціннасць.

– Вось і ў гэтым годзе купілі білеты ва Уладзівасток, – гаворыць матуля.

– Гэты раз на самалёце паляцім! – з радасцю дабаўляюць дзеці.

Месцаў на свеце шмат прыгожых. Але найбольш, лічаць бацькі, дзеці павінны ведаць і любіць краіну, у якой жывуць. Ведаць, каб ганарыцца. Толькі ў Брэсце сям’я Жырковых пабывала чатыры разы, былі ў Белавежскай пушчы, у Мірскім замку...



– Менавіта з любві да роднай зямлі пачынаецца тое пачуццё, што завуць патрыятызмам, – лічыць мнагадзетная матуля. – І гэта трэба разумець, гэтаму вучыць дзяцей.

Наталля ГРАМЫКА.
Фота з архіва
сям'і Жырковых.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения