«Я выбрала вёску і не шкадую»
07.01.2024
Па тым, з якой жывінкай у голасе чалавек расказвае пра сваю працу, можна зразумець: ён у яе ўкладвае душу. Менавіта так думаецца, калі гутарыш з галоўным заатэхнікам адкрытага акцыянернага таварыства «Гольчыцкае» Анастасіяй Мурашкевіч.
З ранку і да позняга вечара Анастасія Сяргееўна на рабоце, а трэба – то і ў выхадны працуе. Клопатаў у галоўнага заатэхніка хапае. У сельгасарганізацыі – два малочна-таварныя комплексы і дзве фермы па адкорму буйной рагатай жывёлы, а гэта 2 600 галоў. Як праходзіць кармленне жывёлы, наколькі яно збалансаванае – усё гэта ў полі зроку галоўнага заатэхніка. Здараецца, што на адну і тую ж ферму яна наведваецца па некалькі разоў на дзень. То разам з тэхнікам-асемянатарам вырашыць пытанні, то – з ветэрынарным урачом, а іншы раз і пры сарціроўцы жывёлы пабыць: разам з заатэхнікам-селекцыянерам і загадчыцамі ферм па фізіялогіі, прадукцыйнасці размясціць кожную рагулю...
– У рабоце важны належны падыход да людзей. Толькі ён дае станоўчы вынік, – пераканана мая суразмоўца. – Калі дзесьці што і не так ці работнік чым-небудзь не задаволены, варта найперш проста пагутарыць з чалавекам, патлумачыць, разабрацца, у чым справа. Трэба – дапамагчы.
Жыццёвае крэда Анастасіі Сяргееўны – ніколі не апускаць рукі, заўсёды быць на пазітыве. А яшчэ не забыць падарыць часцінку радасці сярод паўсядзённасці іншым. Са святамі павіншаваць, з днём нараджэння. Людзям вельмі прыемна, калі іх памятаюць, кажа яна.
А вось шчасце, на думку жанчыны, гэта знайсці сябе ў жыцці. У школьныя гады марыла стаць юрыстам ці ваеннай, але так здарылася, што атрымала спецыяльнасць эканаміста. Кабінетная работа не прыцягвала. Некаторы час працавала ў сельгасарганізацыі на развозцы абедаў, потым паспрабавала сябе ў ролі заатэхніка-селекцыянера. Шмат цікавілася ў іншых спецыялістаў, унікала ў сутнасць справы. Работа Анастасію захапіла, яна скончыла Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках. І вось другі год працуе галоўным заатэхнікам у гаспадарцы, а ўсяго – 13.
У 2023 годзе сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы ў гаспадарцы склалі 699 грамаў. Удой на карову за год – 4 560 кг малака (+888 кг да паказчыка 2022 года). Зразумела, што за лічбамі – праца ўсяго калектыву. Аднак і немалая заслуга галоўнага заатэхніка.
Анастасія Мурашкевіч – у ліку пераможцаў раённага спаборніцтва сярод работнікаў сельскагаспадарчых арганізацый па выніках 2023 года.
– У нас цудоўны калектыў, – расказвае Анастасія Сяргееўна, – ветэрынарны ўрач Валерыя Гурыновіч, загадчыцы ферм, нашы аператары і іншыя работнікі стараюцца працаваць на агульны вынік. Вялікая заслуга ў нашых поспехах і агранамічнай службы гаспадаркі, механізатараў, чыёй працай у гэтым годзе нарыхтавана дастаткова кармоў. А яшчэ – нашага кіраўніка Рамана Коберца. З Раманам Сяргеевічам можна вырашыць любыя пытанні.
Двайное шчасце – калі ў цябе цудоўная сям’я. Мне пашанцавала з мужам Аляксандрам, які таксама працуе ў сельгасарганізацыі механізатарам, з разуменнем ставіцца да таго, што шмат часу мне даводзіцца быць на працы. У нас падрастаюць дзве дачушкі Маргарыта і Ясенія.
Ім матуля ў вольны час стараецца ўдзяліць таксама ўвагу: са старэйшай – зрабіць урокі, з малодшай – вырабы з прыродных і падручных матэрыялаў у дзіцячы сад, кніжкі пачытаць.
Сям’я жыве ў Гольчычах у доме, які выдзеліла сельгасарганізацыя. У вёсцы – два магазіны, паштовае аддзяленне, школа, дзіцячы сад. Вось толькі засмучае, гаворыць гераіня майго аповеду, што мала на вёсцы застаецца моладзі, хоць і заработная плата высокая, і ўмовы працы добрыя.
– Бывае, даведваемся, што нехта з нашай ці бліжніх вёсак застаўся без працы, запрашаем на работу, дапамагаем увайсці ў справу, – расказвае Анастасія Сяргееўна. – А як іначай: вёска павінна жыць, людзі – працаваць. Толькі так будзе добра.
Энергічная, мэтанакіраваная, Анастасія Сяргееўна адзначае, што да вясковага ладу жыцця звыклая з дзяцінства, дапамагала бацькам па гаспадарцы, вельмі ўдзячна і сваёй бабулі Ніне Сцяпанаўне, жыхарцы вёскі Замосце, якая прывіла любоў да працы. Гэта любоў дапамае і зараз.
Наталля ГРАМЫКА.
К списку записей раздела