Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Образование

Выхаванне пачынаецца з любві

08.03.2024
Сакавіцкае сонца настойліва зазірала ў вокны, напаўняючы кабінет вясновым святлом і настроем. Цёплымі, святочнымі ноткамі была напоўнена размова з загадчыцай дзяржаўнай установы адукацыі «Дзіцячы сад №4 г. Слуцка» Аленай Ісаеня: вясна, Дзень жанчын і пачэсная ўзнагарода – на выніковай калегіі Міністэрства адукацыі Алене Пятроўне ўручылі нагрудны знак Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Выдатнік адукацыі».

Выпадковасць, якая стала лёсам

Разам з загадчыцай крочу па светлых прыгожых памяшканнях установы, якія сапраўды нагадваюць казку – і па дызайне, і па абсталяванасці. З 2003 года Алена Ісаеня ўзначальвае дзіцячы сад №4: за час яе кіраўніцтва адбыліся істотныя пераўтварэнні ў абліччы ўстановы, у тым ліку праведзены капітальны рамонт басейна, памяшканняў дзіцячых груп, залаў, іншых пакояў і кабінетаў. 
– Калі гаварыць афіцыйнай мовай, дашкольная ўстанова адукацыі павінна адпавядаць патрабаванням часу і па ўмовах, і па методыках  выхаваўчага працэсу. Аднак выхаванне дзяцей нельга абазначыць казённымі фразамі. Без любві да дзетак, без укладання душы ў справу нічога не атрымаецца. Усе мы – калектыў нашага дзіцячага сада – стараемся, каб ён быў для выхаванцаў утульным домам, дзе ім цікава, радасна, дзе яны вучацца і развіваюцца, і кожны дзень для іх – яркае адкрыццё, – гаворыць Алена Пятроўна. – Дарэчы, наш дзіцячы сад па колькасці дзетак самы вялікі на Случчыне, яго наведваюць больш за 280 маленькіх гараджан. 
Працоўная біяграфія (32 гады) гэтай захопленай, энергічнай жанчыны цалкам звязана са сферай дашкольнага выхавання Слуцка. Да кіраўніцтва  дзіцячым садам №4 Алена Пятроўна працавала выхавальнікам у дзіцячым садзе №12, намеснікам загадчыкаў па асноўнай дзейнасці – у дзіцячых садах №22 і №1. Парадаксальна, але ў прафесію ўраджэнка Бярэзінскага раёна трапіла, можна сказаць, выпадкова: пасля заканчэння школы за кампанію з аднакласніцамі падала дакументы ў Барысаўскае педвучылішча. Дзяўчыну з выдатным атэстатам залічылі на вучобу без экзаменаў. Пазней, ужо з глыбокім асэнсаваннем свайго прафесійнага выбару, Алена Ісаеня закончыла  Беларускі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Максіма Горкага. Аб сваім выбары Алена Пятроўна не шкадуе.
– Болей таго, удзячна лёсу, што так атрымалася, – дзеліцца мая субяседніца. – Не ўяўляю сябе без гэтай справы, без нашых дзетак, без цудоўных выхавальнікаў, іншых работнікаў, з якімі  я працавала і працую. Самым значным сваім дасягненнем лічу, што ўдалося захаваць калектыў нашага дзіцячага сада, які да мяне ўзначальвала таленавіты, вопытны кіраўнік Валянціна Міхайлаўна Курловіч. У нашай установе захавана фізкультурна-аздараўленчая накіраванасць, створаны аптымальныя ўмовы для заняткаў выхаванцаў фізкультурай, у тым ліку ў басейне, так званай зале сухога плавання, фізкультурным зале. З дзецьмі працуюць тры высокапрафесійныя кіраўнікі фізічнага выхавання, унікальныя спецыялісты, напрыклад, наша Марыя Іосіфаўна Лушчыцкая, педагагічны стаж якой каля 40 гадоў.

«Інфарматыка без разеткі» і іншыя праекты

Не толькі ўмовамі і профільнасцю адметны дзіцячы сад №4, але і актыўным удзелам у конкурсах, прымяненні інавацыйных методык выхавання. Калектыў дзіцячага сада быў «першапраходцам» на Случчыне па ўдзелу  ў рэспубліканскім адукацыйным праекце Парка высокіх тэхналогій і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Інфарматыка без разеткі» – па развіцці інтэлектуальных здольнасцей дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту без камп’ютэра (у гульнёвай форме дашкалят навучаюць структурыраваць  інфармацыю і аперыраваць ёю). На працягу  двух гадоў установа была абласной пляцоўкай гэтага праекта, калектыў дзяліўся вопытам  з  іншымі ўстановамі дашкольнай адукацыі на Случчыне і не толькі, удзельнічаў і перамагаў у конкурсе Парка высокіх тэхналогій у намінацыі «Творчая майстэрня».
Яшчэ ў дзіцячым  садзе №4 паспяхова выкарыстоўваюць сістэму педагогікі Марыі Мантэсоры, па гэтай сістэме з дзецьмі працуе вопытны выхавальнік Іна Мацкевіч. Мая суразмоўца адзначае таксама каштоўны вопыт работы выхавальніка Ірыны Жыцінай, якая працуе ва ўстанове з моманту яе адкрыцця, з 1990 года.
Калектыў дзіцячага сада №4 на працягу некалькіх гадоў актыўна ўдзельнічае ў рэспубліканскім адукацыйным праекце «Зялёныя школы». Алена Ісаеня – кіраўнік раённага праекта «Узаемадзеянне ўстановы адукацыі і соцыума як ўмова ўдасканалення сістэмы грамадзянскасці і патрыятызму, любві да малой Радзімы ў дзяцей дашкольнага ўзросту». Дарэчы, пад яе кіраўніцтвам дзіцячы сад №4 па выніках 2021, 2022, 2023 гадоў прызнаны лаўрэатам абласнога конкурсу «За дасягненне высокіх вынікаў у развіцці адукацыі» ў намінацыі «Лепшая дашкольная ўстанова адукацыі, размешчаная ў гарадской мясцовасці». 
Несумненна, у дасягненнях калектыву немалы ўклад кіраўніка, які ўмее захапіць, павесці за сабой, падтрымаць ініцыятыву, згуртаваць людзей. За сваю адданую выхаваўчую і арганізатарскую работу Алена Ісаеня ўзнагароджана Граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, іншымі ўзнагародамі.

Суполка аднадумцаў

– Вялікі дзякуй упраўленню па адукацыі Слуцкага райвыканкама, бацькам нашых выхаванцаў – за падтрымку ініцыятыў, дапамогу ва ўладкаванні дзіцячага сада і іншых справах. Лічу добрай прыкметай і станоўчай ацэнкай дзейнасці ўстановы, што былыя выхаванцы, ужо дарослыя людзі, з задавальненнем прыводзяць у наш сад сваіх дзяцей, – усміхаецца Алена Пятроўна. – З упэўненасцю магу сказаць, што наш, пераважна жаночы, калектыў – суполка аднадумцаў, творчыя, крэатыўныя людзі. І я, і мае калегі – прыхільнікі актыўнасці, пошуку новых падыходаў у рабоце, лічым, што не варта спыняцца на дасягнутым, і жыць, і працаваць трэба насычана, цікава. Аб’ядноўваюць работнікаў і сумесны адпачынак, экскурсіі, наведванне канцэртаў, заняткі спортам. Пацвярджэннем цёплых, сяброўскіх адносін у калектыве з’яўляецца і тое, што ў нашай установе замацоўваецца моладзь, напрыклад, у свой час засталася на працы малады спецыяліст выхавальнік Ірына Прахорык.
Адказны, кампетэнтны кіраўнік, клапатлівая маці,  жонка,  дачка, цікавы, інтэлектуальны чалавек з багатым унутраным  светам... Якія яшчэ падабраць эпітэты, каб ахарактарызаваць маю гераіню. Наша сучасніца, жанчына, прыгажуня, імклівая і непаўторная, як жыццё, як вясна...
Наталля СЕЛЯЗНЁВА. 
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения