У мерапрыемстве прынялі ўдзел актывісты БРСМ Міншчыны, пераможцы абласных анлайн-конкурсаў на лепшае чытанне вершаў на беларускай мове і конкурсу сэлфі «Мая беларуская кніга», якія праходзілі ў сацыяльных сетках.
Пачалося мерапрыемства з тэматычнай экскурсіі па музеі слуцкіх паясоў. У гарадскім цэнтры традыцыйнай культуры госці нашага горада сталі ўдзельнікамі імправізаванай інтэрактыўнай пастаноўкі «Беларускае вяселле».
Віталі гасцей і ў Слуцкім дзяржаўным каледжы. Там працавала інтэрактыўная пляцоўка Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі. Удзельнікаў свята пазнаёмілі з творчасцю нашага знакамітага земляка Васіля Віткі, таксама ім прапанавалі размясціць любімае слова на беларускай мове на спецыяльнай дошцы і «паспрабаваць» мову на смак, знайшоўшы сярод мноства надрукаваных слоў самыя смачныя.
Не абышлося і без традыцыйнай анлайн-дыктоўкі, трансляцыя якой была арганізавана ў Instagram. Удзельнікі мерапрыемства пісалі ўрывак з твора Васіля Віткі (яму ў 2021 годзе споўнілася б 110 гадоў). Правёў дыктоўку першы сакратар Мінскага абласнога камітэта БРСМ Кірыл Іванавіч Шык.
Цэнтральнай падзеяй свята стаў адкрыты дыялог «Беларусь – крыніца натхнення». Падчас яго выступілі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слуцкага райвыканкама Алена Іванаўна Рахманава, сакратар Цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ» Юлія Уладзіславаўна Зінкевіч, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справы моладзі Мінскага аблвыканкама Віялета Алегаўна Краўцова, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ганна Іванаўна Міклашэвіч.
Пераможцам анлайн-конкурсаў уручылі ўзнагароды. Узнёслую атмасферу свята падтрымалі канцэртнай праграмай творчыя калектывы Слуцкага дзяржаўнага каледжа.
Завяршылася свята экскурсіяй па навучальнай установе, падчас якой для гасцей былі праведзены разнастайныя майстар-класы.