«Ратавальнікі вачыма дзяцей»
21.02.2024
Сапраўдны выратавальнік – прафесіянал, які валодае ўніверсальнымі навыкамі працы. Ён можа арыентавацца на мясцовасці, аказваць першую медыцынскую дапамогу, тушыць пажары, знаходзіць псіхалагічныя падыходы да пацярпелых і перашкаджаць распаўсюджванню панікі. Менавіта ён прыходзіць на дапамогу тым, хто ў ёй мае патрэбу. Гэта разумеюць усе дарослыя, але як бачыць ратавальнікаў малодшае пакаленне, даведацца заўсёды цікава.
У Слуцку ў цэнтры тэхнічнай і прыкладной творчасці вучнёўскай моладзі праходзіць выстава работ агляду-конкурсу дзіцячай творчасці «Ратавальнікі вачыма дзяцей». Яго асноўная мэта – прыцягненне ўвагі да дзейнасці выратавальных службаў і развіццё грамадзянскай свядомасці ў дзяцей і моладзі з дапамогай мастацкай і прыкладной творчасці, а таксама фарміраванне ў дзяцей ведаў, уменняў і навыкаў дзеянняў ў выпадку ўзнікнення пажару ці іншых надзвычайных сітуацый, прапаганда здаровага ладу жыцця.
Юныя таленты Случчыны праяўлялі сваю творчасць у розных тэхніках і выкарыстоўвалі розныя матэрыялы: алоўкі, акварэль, гуаш, паперу, кардон, дрэва, метал, пластмасу, гліну, пластылін, тканіну, ніткі і мноства іншых. Дзеці і падлеткі заўсёды ахвотна адгукаюцца на тэму выратавання. Іх творчыя работы –своеасаблівая падзяка ратавальнікам за іх няпростую і неабходную працу.
Дарослыя і дзеці могуць пазнаёміцца з творчасцю дзяцей са Слуцкага раёна ў цэнтры тэхнічнай і прыкладной творчасці вучнёўскай моладзі. У дарослай аўдыторыі з'явілася магчымасць зірнуць на службу выратавання вачыма дзяцей, у малых – бліжэй пазнаёміцца з працай ратавальнікаў. Лепшыя работы будуць прадстаўляць Слуцкі раён на абласным этапе конкурса з 15 па 21 сакавіка ў горадзе Старыя Дарогі. Журы вызначыць пераможцаў у некалькіх намінацыях: малюнак, выраб, плакат, мадэль пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі, малая архітэктурная форма, казка, апавяданне, верш.
К списку записей раздела