![]() |


Рэдакцыя газеты “Слуцкі край” правяла сярод случчан конкурс “Сем цудаў Слуцка” на вызначэнне самых адметных гісторыка-культурных аб’ектаў, якія могуць служыць сімваламі горада. Па выніках народнага галасавання самымі каштоўнымі, цікавымі, значнымі гісторыка-культурнымі аб’ектамі Слуцка прызнаны:
1. Свята-Міхайлаўскі сабор.
Выдатны помнік драўлянага будаўніцтва народных майстроў-умельцаў. Асноўная частка храма пабудавана ў другой палавіне ХVІІ стагоддзя, званніца – пазней. Знаходзіцца ў Слуцку на вуліцы Сацыялістычнай. Помнік архітэктуры ахоўваецца дзяржавай.
2. Помнік Святой Сафіі Слуцкай.

Святая Сафія Слуцкая (1 мая 1585 года – 1 красавіка 1612 года) – апошняя прадстаўніца роду слуцкіх князёў Алелькавічаў. У замужжы за нясвіжскім князем кальвіністам Янушам Радзівілам засталася праваслаўнай. Дзякуючы Сафіі Юр’еўне Слуцкае княства ў часы царкоўнай уніі захавала вернасць праваслаўю. 1 красавіка – Дзень памяці Святой Сафіі Слуцкай. Помнік ёй у Слуцку адкрыты 24 верасня 2000 года. Аўтары помніка – скульптар М. Інькоў, архітэктар М. Лук’янчык.
3. Гімназія №1 горада Слуцка.
Сваю радаслоўную старэйшая школа Беларусі вядзе з 1617 года, калі 20 мая слуцкі князь Януш Радзівіл выдаў грамату аб заснаванні евангелісцкага храма і “вучылішча для навучання хрысціянскага юнацтва”. Па завяшчанню Януша Радзівіла яго брат Хрыстафор спецыяльнай граматай абвясціў аб адкрыцці на базе вучылішча кальвінісцкай гімназіі, фундаментальны будынак для якой быў пабудаваны ў 1630 годзе. З некаторымі зменамі назвы, арганізацыі яна існавала да кастрычніцкай рэвалюцыі. На базе гімназіі была арганізавана сярэдняя школа № 1. У 1998 годзе рашэннем Слуцкага гарадскога выканаўчага камітэта школа № 1 пераўтварылася ў гімназію.
4. Слуцкія паясы.
Слуцкія паясы – высокамастацкія творы беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Іх творчасць была наладжана на слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў, заснаванай князем Міхаілам Казімірам Радзівілам у канцы 30-х гадоў ХVІІІ стагоддзя. Спачатку ткалі паясы з узорамі, якія былі на такіх жа вырабах, што прывозілі з Блізкага Усходу. Потым слуцкія ткачы сталі ўключаць у арнамент беларускія нацыянальныя матывы, кветкі мясцовай флоры – васількі, незабудкі і іншыя. Склаўся тып пояса – слуцкі, назва якога стала сімвалам усіх доўгіх шаўковых паясоў. Слуцкія паясы былі папулярнымі ў шляхты Рэчы Паспалітай, рускага дваранства, украінскай старшыны. У 1780-х гадах значна павялічыўся іх экспарт у Расію. Слава слуцкіх паясоў намнога перажыла перыяд іх вытворчасці і практычнага выкарыстання, дайшла да нашых дзён і сягае ў неабсяжную будучыню.
5. Краязнаўчы музей.

“Гісторыка-культурная каштоўнасць. Дом дваранскага сходу ХІХ стагоддзя. Прычыненне шкоды караецца па закону”. Такія словы ўтрымлівае шыльда на краязнаўчым музеі ў Слуцку (вуліца Леніна, 171), будынак якога – адзін з самых старадаўніх у нашым горадзе.
6. Слуцкае Евангелле.
Слуцкае Евангелле – рукапісная кніга, якую ўласнаручна перапісаў князь Юрый ІІІ Юр’евіч Алелькавіч. Яго праца ў якасці перапісчыка кнігі – выключная з’ява ў гісторыі Беларусі. Няма іншых прыкладаў, каб кнігу перапісаў чалавек не духоўнага звання (у даўнія часы гэтым займаліся часцей за ўсё дзякі, манахі, дыяканы), а прадстаўнік вядомага магнацкага роду. Пра гэта Евангелле Ф.Ф. Серна-Салаўевіч у кнізе “Древнерусский город Слуцк и его святыни” напісаў, што “работа – верх художественного совершенства”. У Слуцкага Евангелля – няпросты лёс: у гады Вялікай Айчыннай вайны яно было страчана. І толькі ў 2003 годзе зноў заняло сваё пачэснае месца сярод праваслаўных святынь беларускага народа.
7. Мемарыяльны комплекс і могілкі на вуліцы 14-ці Партызан.
Мемарыяльны комплекс у памяць пра савецкіх воінаў, партызан, ваеннапалонных і мірных жыхароў, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, узведзены ў Слуцку на вуліцы 14-ці Партызан у 1975 годзе. Скульптар мемарыяла – К. Сарока, архітэктар – У. Кузьменка. Комплекс уключае тры брацкія магілы, скульптуру воіна, манументальную браму, кампазіцыю Вечнага агню. У брацкіх магілах на вуліцы 14-ці Партызан пахаваны каля 14 тысяч чалавек – воіны Чырвонай Арміі, партызаны, мірныя жыхары, ваеннапалонныя слуцкага канцэнтрацыйнага лагера, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны.


