Казловіцкаму народнаму хору – 90 гадоў!
05.04.2024
Адметная падзея ў культурным жыцці Случчыны – 90-годдзе Казловіцкага народнага хору, аднаго са старэйшых харавых калектываў рэспублікі. Святочнае мерапрыемства з гэтай нагоды прайшло ў Казловіцкім сельскім доме культуры.
У фае Казловіцкага СДК разгарнулі фотавыставу пра хор, выстаўкі касцюмаў і твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Гісторыі знакамітага калектыву, яго ўдзельнікам, творчасці, рэпертуару была прысвечана ўрачыстасць «Спяваць душой і сэрцам», якая прайшла на адным дыханні і сабрала нямала гледачоў.
Нагадаем, што калектыў быў створаны ў 1934 годзе Прохарам Васілеўскім. У 1963 годзе хор узначаліў заслужаны работнік культуры Беларусі Арэст Далжонак. У 1965 годзе Казловіцкаму хору было прысвоена званне народнага. З 2011 года калектыў узначальвае Святлана Расіч. Казловіцкі народны хор – лаўрэат і дыпламант міжнародных, рэспубліканскіх і абласных фестываляў і конкурсаў.
Відавочна, што Казловіцкі народны хор – гэта цэлая з'ява, якая аб'ядноўвае не адно пакаленне мясцовых аматараў песні і прафесіяналаў, калектыў захоўвае высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства на працягу усёй сваёй дзейнасці і слава яго не згасае з гадамі. Пра гэта гаварылася ў віншавальным адрасе Слуцкага раённага выканаўчага камітэта, які на свяце зачытала загадчыца сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Камоцкая.
Дарэчы, як адзначылі вядучыя, калі скласці гады, якія ўдзельнікі хору прысвяцілі гэтаму калектыву, атрымаецца лічба 523! І кіраўнік хору, і ўсе яго ўдзельнікі – цікавыя, творчыя асобы, бясконца ўлюбёныя ў песню, унікальныя артысты! Яны зноў прадэманстравалі гэта падчас канцэрта, які не пакінуў раўнадушным нікога!
Удзельнікі хору ўзнагароджаны граматамі, падзякамі Слуцкага райвыканкама, Слуцкага раённага Савета дэпутатаў, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.
На свяце гучалі віншаванні, падзякі, пажаданні адметнаму калектыву Случчыны далейшага паспяховага творчага шляху.
З юбілеем, Казловіцкі народны хор!
Падрабязней чытайце ў «Слуцкім краі».
К списку записей раздела